Беларускія гістарычныя гульнявыя карты „ВКЛ”
Некалькі беларускіх бізнэсоўцаў, якія спецыялізуюцца на выпуску настольных гульняў, выпусцілі на нацыянальны рынак беларускія гістарычныя гульнявыя карты „ВКЛ”. Калода прысвечана перыяду Вялікага Княства Літоўскага. На картах паўстаюць знакамітыя гістарычныя постаці тых часоў: славутыя каралі і князі, выбітныя асветнікі, мудрыя кабеты і мужныя ваяры.

Падчас існавання ВКЛ жыло і дзейнічала шмат выбітных асобаў, некаторых з іх вы знойдзеце на картах дадзенай калоды сярод каралёў, вальтоў і дамаў. Масці ў калодзе сімвалізуюць незалежнасць, заможнасць, асветніцтва і магутнасць Вялікага Княства Літоўскага.

У калодзе прысутнічаюць панцікі ( рас. – тузы) з выявамі „Пагоні”, „слупоў”, „знаку Францішка Скарыны”, вышнікі ( рас. – каралі) з выявамі Міндоўга, Вітаўта, Гедыміна, а кралі ( рас. – дамы) з выявамі Марты, Настассі Слуцкае, Барбары Радзівіл.

На жаль, назвы картаў засталіся з расейскай традыцыі.
„Ідэя карт ВКЛ выношвалася вельмі даўно, яшчэ з часоў выдання намі Карт Лапіных,”- кажуць гаспадары крамы „Кубік”. – Хацелася зрабіць карты з славутымі постацямі Беларусі. Але іх так шмат, а калода такая малая. І было прынята рашэнне запусціць серыю “Беларускіх гістарычных гульнявых карт”.
Гульнявыя карты ВКЛ, як мяркуюць аўтары, – гэта толькі пачатак!

Беларускае Радыё Рацыя
