„Беларускую Прагу” можна пабачыць у Полацку



У полацкай Мастацкай галерэі пры падтрымцы Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Менску адкрылася фотавыстава Юліі Мацкевіч «Беларуская Прага».

Выстава прымеркавана да 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам у Празе і знаёміць з архітэктурнай прыгажосцю сталіцы Чэхіі, а таксама распавядае аб яе шматвяковай прывабнасці для беларусаў. Прага адыгрывала вялікую ролю для беларусаў 500 гадоў таму і адыгрывае яе цяпер. У Празе ёсць больш 20-ці гістарычных месцаў, звязаных з падзеямі, якiя з’ядналi беларусаў і чэхаў яшчэ ў часы ВКЛ.

Менская фотамастачка Юлія Мацкевіч складвае «пазлы беларускіх месцаў» у Празе: «У сваім фотапраекце я паказваю дамы, у якіх жылі: беларуская паэтка Ларыса Геніюш, оперны спявак з беларускімі каранямі, „зорка” сусветнага ўзроўню Міхась Забэйда-Суміцкі, а таксама Васіль Быкаў у пачатку 2000-х гадоў, – распавядае Юлія. – У сваіх працах я паказваю здымкі з месца так званага Літоўскага калегіума. А Францішку Скарыну прысвечана цэлая фатаграфічная гісторыя, бо гэта ён – пражскі каралеўскі садоўнік і беларускі першадрукар!»

У адкрыцці выставы ўзяў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі Мілан Экерт.

Беларускае Радыё Рацыя