Беларусы прывезлі тры залатыя медалі з чэмпіянату Еўропы



9-11 лістапада ў прыгарадзе Варшавы Ламянкі прайшоў чэмпіянат Еўропы па спартовых танцах на інвалідных вазках.

Тры першыя месцы маюць беларускія пары, а таксама адно срэбра і адну бронзу. Ганна Гарчакова і Раман Усманаў вярнуліся дадому з “золатам”.

Пра турнір распавядае чатырохразовая чэмпіёнка Еўропы па спартовых танцах Ганна Гарчакова:

– Варшава парадавала сваёй безбар’ернасцю. Арганізатары – малайцы! Усё на самым высокім узроўні: зручная танцавальная заля, смачная ежа, утульны гатэль…

Ганна – вядомы “працаголік” і на пытанне пра адпачынак кажа, што свой адгуляла яшчэ ў верасні (4 дні ў беларускім санаторыі). Надалей – праца ў Беларускім таварыстве інвалідаў (кіраўнік менскай філіі арганізацыі) і трэніроўкі, бо танцы застаюцца хобі, справай для душы.

Беларускія танцоры на інвалідных вазках традыцыйна маюць добрыя вынікі на міжнародных спаборніцтвах самага рознага ўзроўню.

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя

Фота прадастаўлена Ганнай Гарчаковай