Берасце першае з беларускіх гарадоў атрымала Магдэбургскае права
625 гадоў таму Берасце першае з гарадоў сучаснай Беларусі атрымала “Магдэбурскі прывілей” на самакіраванне – феадальнае гарадское права, якое склалася ў 12-13-м стагоддзях у нямецкім Магдэбургу. Наданне гэтага статусу несла як прававы і эканамічны эфект у выглядзе дадатковых земляў, зазначае даследчык Анатоль Нікітчык:
– Берасце атрымала ў сваё кіраванне землі – у бок цяперашняй Берасцейскай крэпасці, да Казловіч. Уся паласа да цяперашняга Казловіцкага памежнага пераходу – гэта была эканамічная зямля, па тэрміналогіі 18 стагоддзя, яна была ў распараджэнні берасцейскай ратушы берасцейскага магдэбургскага права, ёй кіраваў войт, у якога там была і свая зямля.
Яшчэ са школьнага курсу гісторыі Беларусі вядома, што жыхары гарадоў, якія атрымлівалі “Магдэбургскае права”, вызваляліся ад феадальных павіннасцяў, ад суда і ўлады ваяводаў, старастаў і іншых дзяржаўных службовых асоб. З усіх славянскіх краінаў Усходняй Еўропы магдэбургія была характэрна толькі для гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Зараз у Берасці існуе шэраг памятных шыльдаў у гонар гэтай падзеі.
Беларускае Радыё Рацыя
