Берасцейскія барды запісалі настальгічны альбом



Паэты і выканаўцы Сяргей Храмаў і Алесь Паплаўскі вырашылі нагадаць пра колішнюю бард-студыю “Вежа”, у якую абодва ўваходзілі. Альбом “Сляды” прысвечаны менавіта ёй.

“Студыя дзейнічала ў 90-х гадах, была даволі вядомай у краіне, – распавядае Алесь Паплаўскі. – Туды ўваходзілі Сяргей Храмаў, я, Ніяна Загарэўская, Вольга Сідарук, Вінцэсь Вашэка. Потым наша тусоўка развалілася, але мы падтрымліваем адносіны. І вось у Сяргея Храмава нарадзілася такая ідэя – нешта аднавіць. Таму што калі мы пачалі шукаць запісы, то іх не аказалася”.

Альбом складаюць па сем песень абодвух бардаў. Прычым Сяргей Храмаў запісаў як старыя, так і новыя песні, а Алесь Паплаўскі – толькі ўжо добра вядомыя. Паэт прызнаўся, што апошнім часам новых песень ужо і не піша – пераключыўся на прозу і фатаграфію. Але музычная частка па-ранейшаму суправаджае кожную ягоную сустрэчу з чытачамі.

Алесь Паплаўскі кожны раз падкрэслівае, што ён не прафесійны спявак ці музыка – чаго і не патрабуе жанр аўтарскай песні, – але вельмі неабыякава ставіцца да музыкі, услед за Верленам лічыць яе найважнейшым мастацтвам. Напэўна, важную ролю ў гэтым адыграў факт, што бацька Алеся быў вясковым музыкам. “Я рос сярод музыкі”, – кажа бард.

У пачатку года аўтары плануюць зрабіць прэзентацыю новага альбома для берасцейцаў.

Ніжэй можна паслухаць некаторыя песні з альбома “Сляды”.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя