“Бібліятэка Максіма”: рэканструкцыя ўласнай бібліятэкі беларускага класіка



7 снежня а 16 гадзіне ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) напярэдадні 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча адбудзецца адкрыццё выставы «Бібліятэка Максіма».

Надзелены рэдкім, незвычайным талентам, Максім Багдановіч стаў вядомым не толькі як арыгінальны і непаўторны мастак слова, паэт-наватар, але і як цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, глыбокі гісторык і тэарэтык літаратуры, пісьменнік-публіціст і празаік. Таксама ён быў вядомым кнігалюбам, сістэматычна вывучаў беларускія публікацыі перыяду новага беларускага адраджэння і збіраў уласную бібліятэку, якая, на жаль, не захавалася.

Адпаведна архіўным дакументам, успамінам і ліставанню даследчыкі змаглі рэканструяваць беларускую частку асабістага кніжнага збору паэта. Нацыянальная бібліятэка Беларусі і філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” ўпершыню прэзентуюць юбілейны выставачны праект “Бібліятэка Максіма”, які ўключае ў сябе музейную рэканструкцыю бібліятэкі “беларусікі” класіка айчыннай літаратуры і кніжна-ілюстрацыйную экспазіцыю, прысвечаную творцы.

У межах музейнай рэканструкцыі бібліятэкі будуць прадстаўлены асобнікі з аўтографамі паэта, беларускія выданні пачатку ХХ ст. з выдавецтваў Санкт-Пецярбурга, Вільні і Менска, першыя беларускія газеты і календары, першыя выпускі твораў класікаў айчыннай  літаратуры і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія маглі б захоўвацца ў Максіма Багдановіча.

Кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пазнаёміць з выданнямі твораў мастака слова, літаратурай пра жыццё і творчасць беларускага песняра, перакладамі і юбілейнымі выданнямі. Сярод іх – зборнік выбраных вершаў “Вянок” (1913), публіцыстычныя брашуры “Братья-чехи” (1914) і “Беларускае адраджэнне” (1916), выданні поўных збораў твораў паэта, першы з якіх убачыў свет у 1927-1928 гг., пераклады паэзіі Максіма Багдановіча на славянскія, еўрапейскія і азіяцкія мовы.

Запрашаем да знаёмства з выставачным праектам усіх, хто цікавіцца нацыянальнай літаратурнай і духоўнай спадчынай зоркі беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.  

Выстава будзе дэманстравацца ў музеі кнігі (3-ці паверх) і кальцавым калідоры
2-га паверха.

На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра. Дата заканчэння працы экспазіцыі – 15 студзеня 2022 г., можа быць зменена. Тэлефон для даведак: 8(017) 293 28 81

Паводле прэс-рэлізу