Бібліятэка ў Пружанах будзе насіць імя Алены Лось



Прыемная навіна прыйшла з Пружанаў. Мясцовай дзіцячай бібліятэцы нададзены імя беларускай мастачкі, графіка Алены Лось (1933-2013).

Бліжэйшы час на будынку бібліятэкі будзе адкрыта мемарыяльная шыльда, адбудзецца ўрачыстасць і штогод будуць праводзіцца конкурсы, прысвечаныя памяці вялікай беларускай мастачкі. А сёлета 22 студзеня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння.

Нагадаем, што Алена Лось нарадзілася ў Вільні. Дзіцячыя гады яе прайшлі ў мястэчку Лыскава, потым у Магілёўцах і Ружанах на Пружаншчыне. Яна скончыла мастацкі інстытут у Вільні. З’яўлялася сябрам Саюза мастакоў Беларусі і мастацкай суполкі “Пагоня”. У мастацкіх выставах удзельнічала з 1960 года. Творы яе захоўваюцца ў Беларусі і іншых краінах свету. Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы Алена Лось выканала рэканструкцыі сцягоў Віленскай, Менскай і Смаленскай харугваў, Вітаўтавыя харугвы з гербам “Калоны”.

Алена Лось шмат працавала як мастак дзіцячых кніг, а таксама ў станковай графіцы. Прыгожа аформіла кнігі У.Караткевіча “Блакіт і золак дня”, А.Якімовіча “Вераб’ёвы госці”, “Д.Бічэль “Дзявочае сэрца”, “Дзічка”, “Габрынька і Габрусь”, В.Віткі “Дударык”, “Ладачкі-ладкі”, З.Бядулі “Скарб”, А.Дзеружынскага “Кую-кую ножку”, “Добры ветрык” і іншыя. Напісала і выдала ўласную кнігу для дзяцей “Дзесяць дзён у Барку” (1984 г.).

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя