Біскуп Велікаселец просіць аднавіць штонядзельную радыётрансляцыю ранішняй імшы



Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся ў Белтэлерадыёкампанію і Менгарвыканкам з просьбай аднавіць штонядзельную радыётрансляцыю ранішняй імшы з архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі са спасылкай на пробашча архікафедральнага касцёла ксяндза Антонія Клімантовіча паведамляе, што біскуп Велікаселец накіраваў адпаведны ліст ад імя шматлікіх беларускіх парафій.

Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, паводле слоў ксяндза Клімантовіча, паведамілі яму, што святая імша, якая мае адбыцца 11 красавіка ў 8.15, трапіць у жывы радыёэфір. Разам з тым, адзначыў ён, афіцыйнага пацвярджэння аб аднаўленні радыётрансляцый ён асабіста не атрымліваў.

Пробашч архікатэдры спадзяецца, што трансляцыя імшы „адбудзецца не толькі 11 красавіка, але і вернецца ў штонядзельную праграму Белтэлерадыёкампаніі”.

Варта адзначыць, што ў раскладзе эфірнага вяшчання на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё на нядзелю, 11 красавіка, трансляцыі імшы на гэты момант няма.

Касцельны партал нагадаў, што ранішнія нядзельныя імшы з мінскага архікафедральнага касцёла трансляваліся ў радыёэфіры бесперапынна з 2000 года па жнівень 2020-га. Да гэтага на працягу некалькіх гадоў па радыё трансляваліся імшы з касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Летась 23 жніўня супрацоўнікі радыё паведамілі пробашчу архікафедральнага касцёла, што трансляцыі не будзе „па тэхнічных прычынах”. З таго часу нядзельныя імшы так і не вярнуліся ў радыёэфір.

Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі расцаніў раптоўнае спыненне радыётрансляцый імшы як факт пераследу касцёла.

БелаПАН