Богдану Андрусішыну (Данчыку) – 60 год



3 студзеня спаўнілася 60 гадоў Богдану Андрусішыну (Данчыку) – беларускаму выканаўцу, журналісту, грамадскаму дзеячу. Ён нарадзіўся ў ЗША, у сям’і эмігрантаў – украінца і беларускі. Ягоная маці Юлія – унучка Эміліі Шабуні, роднай сястры Антона і Івана Луцкевічаў, піша nn.by. У канцы 1970-х Данчык трапіў на канцэрт “Песняроў”, якія тады гастралявалі па ЗША. Пад уражаннем праз год ён запісаў свой першы альбом “Беларусачка”.

Пазнавальны голас і асабістае абаянне хутка зрабілі яго папулярным. Наведваючы Беларусь у 90-я гады, Данчык збіраў поўныя залы. Запомніліся і яго сумесныя запісы з “песняром” Леанідам Барткевічам. Цяпер Богдан Андрусішын жыве ў Празе, працуе намеснікам дырэктара Беларускай службы радыё “Свабода”. Сярод яго вядомых песень – “Аксамітны летні вечар”, “Беларусачка”, “Зорачкі” ды іншыя.