Былы міліцыянт выдаў кнігі пра камуністычныя злачынствы



Гісторыя Заходняй Беларусі папоўнілася дзвюмя дакументальнымі кнігамі “Недазволеная памяць” і “Горкія гады”. Аўтар гэтых унікальных кніг былы падпалкоўнік міліцыі з Баранавіч Аляксандр Татаранка.

Аматар гісторыі Татаранка пад час працы ў архівах для дзяржаўнай кнігі “Памяць” убачыў такія факты, якія не былі дазволены для публікацыі чыноўнікамі ў афіцыйнай кнізе “Памяць”. Так узнікла ідэя напісаць праўду пра тое, што адбывалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі з 1921 па 1954 гады, кажа Аляксандр Татаранка:

– З’явілася першая „Недазволеная памяць” у супрацьвагу афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі – памяць, якую ўсе страцілі. Я выдаў сваю кнігу „Недазволеная памяць”, дзе распавёў пра ўсе моманты, якія зараз пад забаронай.

Паводле Аляксандра Татаранка кнігу “Горкія гады” пра 1944-54 гады планавалася назваць “Запрашаем у пекла”. Але выдавец параіў змягчыць назву кнігі. Хаця тое, што спланавалі бальшавікі для Заходняй Беларусі, сапраўды нагадвае пекла:

– Усіх мужчын на фронт, нават не пераапрануўшы, не ўзброіўшы, адправіць без падрыхтоўкі. Астатнюю частку ў штрафбаты – так называлі працоўныя атрады, то бок пазбавіць ад мужчынскага насельніцтва.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

На жаль, кнігі вышлі накладам усяго 100 асобнікаў.

Кнігай “Горкія гады” Татаранка адкрыў серыю “Памяць і сумленне”. Ён працягвае працу над чарговай кнігай. Аляксандр Татаранка лічыць, што толькі тады беларусы адчуюць сябе нацыяй, калі будуць ведаць праўдзівую гісторыю.

Беларускае Радыё Рацыя