„Camino” ў Гародні – здымкі з паломніцтва ў Гішпанію



Шлях Святога Якава або Эль Каміна дэ Санцьяга (El Camino de Santiago) — знакаміты паломніцкі шлях да магілы апостала Якава ў гішпанскім горадзе Санцьяга-дэ-Кампастэла паказаны на выставе ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

Паломнік і фатограф Элан Лыскаў прайшоў гэты шлях у 2013 годзе:

– Выстава стваралася ў некалькі этапаў. Першы этап – гэта сама арганізацыя пілігрымкі ў Гішпанію. Не вельмі складана было даехаць і прайсці гэту пілігрымку. Падчас таго, як я ішоў, то для мяне здымкі былі спосабам кантакту з людзьмі, спосабам пазнання, сузірання. Нягледзячы на няведанне гішпанскай і нават ангельскай мовы, моцны цяжкі фотаапарат са штатывам дапамагалі знайсці нешта супольнае.

Усе здымкі рабіліся не на лічбавы апарат а на стужку, што было вельмі складана:

– Плёнка дазваляе па-іншаму мысліць, не зрабіць сто здымкаў, а пазней выбіраць, а напачатку сузіраць услухвацца, больш разумець, чаго я хачу ад гэтага здымка.

Экспазіцыю з незвычайнага палдарожжа можна паглядзець да 31 ліпеня 2018 года, пасля чаго Цэнтр гарадскога жыцця сыходзіць на нядоўгі адпачынак.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня