“Чамаданны настрой” на слонімскай сцэне
У слонімскім драматычным тэатры – прэм’ера. Яна прысвечана малодшым і старэйшым школьнікам і іх бацькам. Спектакль называецца “Чамаданны настрой” па п’есе Ганны Багачовай. Пастаноўку ажыццявіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.

Галоўнае месца ў спектаклі – зала чакання. А сама пастаноўка пра тое, калі квіток ужо ў кішэні, і калі сабраныя рэчы, і табе трохі сумна ад таго, што хутка трэба развітацца, але ўсё-такі весела, таму што наперадзе чакаюць новыя сустрэчы і радасці. І з’явіцца настрой тады, калі ў любы момант могуць пачацца новыя розныя прыгоды. З такімі прыгодамі гледачы сустрэнуцца падчас прагляду спектакля “Чамаданны настрой”, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца Соня і Лёня, а таксама Фёкла Чамаданава, якая жыве ў чамадане. У галоўных ролях у спектаклі заняты артысты Сяргей Яўменаў, Наталля Шугай, Марына Рубель і Багдан Клімаў.
Спектакль зачароўвае гледачоў гісторыяй чалавечых узаемаадносін і вечнымі каштоўнасцямі: каханнем і сяброўствам, дабрынёй і клопатамі пра чалавека.










Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
