Чарніліцай шпурнуў у следчага…
Мы веснаход – нясём свабоду,
Мы крыгалом – нясём цяпло.
Мы змагары, нясём народу
Прасвету, Волю і Добро.

Здаецца, што гэтыя радкі паэта Алеся Салагуба (1906-1934) былі напісаны сёння. А напісаў іх ён ажно ў 1927 годзе. 18 кастрычніка Алесю Салагубу спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння.
Родам паэт і публіцыст быў са Смаргоншчыны. Калі вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі трапіў у Лукішкі. Калі выйшаў на волю, нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Паступіў у Белдзяржуніверсітэт, быў аспірантам Інстытута літаратуры Акадэміі навук. У 1929 годзе з друку выходзіць адзіны зборнік паэзіі Алеся Салагуба “Лукішкі”. Зразумеючы жыццё ў Савецкай Беларусі, ён пісаў сябрам у Заходнюю Беларусь, каб не ўцякалі ў СССР, “бо тут нас саджаюць у свае, пралетарскія турмы”. І гэтага яму не даравалі, а ў 1933 годзе Алеся арыштавалі і ў 1934-м – расстралялі.
Адной з прычын хуткага расстрэлу паэта, як пісаў у сваёй кнізе “Цяжкая дарога свабоды” літаратуразнавец Арсень Ліс, з’яўляўся выпадак, калі Алесь Салагуб схапіў чарнільны прыбор са стала і кінуў ім у твар ката. А каты такое не даруюць. Гэты выпадак, найхутчэй, і мог паўплываць на рашэнне таго псеўдасуда.
Дзесьці ў 1956-1957 гадах адзін лейтэнант прывёз у родную вёску Зарудзічы маці Алеся Салагуба даведку аб рэабілітацыі сына і сказаў, што быццам ён памёр у лістападзе 1941 года. І нават называлася прычына смерці – запаленне лёгкіх. Калі ж пасланец зачытаў, што Алесь Салагуб памёр, жанчына запратэставала: “Не памёр, а забілі”. Алесю Салагубу было тады толькі 28 гадоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
