“Чароўны млын” – месца перадсвяточнага настрою і беларускага духу



З 17-га па 19-га снежня ў Менску прайшла чарговая выстава-кірмаш “Чароўны млын”, дзе сваю творчасць прэзентавалі майстры і дызайнеры з усяе Беларусі. Традыцыйна падчас кірмашу ладзяцца майстар-класы, сваю прадукцыю прадстаўлялі фермерскія гаспадаркі, а наведнікі і пакупнікі перадкаляднага “Чароўнага млына” шукалі тут падарункі да свята. Выбраць было з чаго: рамеснікі і майстры прапаноўвалі вырабы з дрэва і лазы, кераміку і тэкстыльныя вырабы, рэчы з выразным беларускім нацыянальным каларытам.

Наталля Парахневіч, майстрыха з Браслава, прывезла на менскі кірмаш паясы, дарожкі, шарыкі з вязанымі ўзорамі на навагоднюю ялінку. На яе думку, “Чароўны млын” – гэта выдатная магчымасць набыць падарункі або сувеніры да свята, зробленыя ў рэчышчы народнай мастацкай традыцыі:

– Я лічу, што галоўныя на гэтым кірмашы не мастакі і не рамеснікі, а галоўныя менавіта наведнікі. Гэта людзі, здольныя ацаніць ручную працу, і якія прыходзяць за гэтымі нашымі беларускімі вырабамі, а не паехаць у гандлёвы цэнтр, дзе таксама ўсё яскрава, і каштуе, магчыма, крыху меней. Але гэтыя людзі прыязжаюць менавіта на “Чароўны млын”.

Наталля Парахневіч адзначае, што беларускага каларыту на кірмашы-выставе магло б быць яшчэ болей, каб яе наведвалі замежныя турысты, якіх цяпер у Беларусі практычна няма. Бо майстры імкнуліся б больш шырока прадстаўляць унікальныя мясцовыя традыцыі, каб зацікавіць замежнікам. Але і ў цяперашняй сітуацыі “Чароўны млын” паспяхова выконвае сваю функцыю: задавальняе попыт на вырабы мастакоў і расмеснікаў і стварае для наведнікаў па-сапраўднаму святочны настрой.

Беларускае Радыё Рацыя