Чым жыве беларуская дыяспара ў Бостане?



Беларуская нацыянальная эміграцыя цяпер, у сувязі з лінгвацыдам з боку прамаскоўскай улады ў самой Беларусі штогод набірае сілаў. У далёкай, геаграфічна, амерыцы беларусы новай хвалі ўладкоўваюць свае сем’і, а таксама азначаюць там і месца Беларусаў. З госцем Рацыі, прадстаўніком бостанскай беларускай дыяспары, Яўгенам Сокалавым гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.

РР: Можаце коратка патлумачыць: маладое пакаленне беларускай эміграцыі, наколькі яно разлічвае атабарыцца на стала ў ЗША, ці ёсць такія, якія мараць вярнуцца на Бацькаўшчыну?

– Сярод маіх знаёмых ёсць безумоўна розныя людзі, вялікая частка з іх тут жыве дастаткова даўно, яны прыехалі сюды яшчэ да ўсіх падзеяў 2020 і 2022 гадоў (вайна ва Украіне), яны ўжо наладжвалі сваё жыццё. Скажам шчыра, многім людзям сітуацыя была зразумелая яшчэ да 2020 году – хтосьці з’ехаў яшчэ ў 2006, хтосьці з канца 90ых, хтосьці пасля 2010 году, таму вядома, што людзі сваё жыццё тут наладжваюць ужо досыць даўно. Але я мушу сказаць, што сярод маіх знаёмых вельмі вялікая частка людзей, якія хацелі бы вярнуцца. Жыць і працаваць на карысць Беларусі. Магчыма гэта было бы ў фармаце жыцця на дзве краіны, гэта магчыма ў сучасным свеце. Але прага і жаданне людзей штосьці рабіць на карысць Беларусі безумоўна ёсць. У тым ліку сярод тых, каго Вы называеце «малодшай хваляй эміграцыі».

РР: Ці ўдаецца Вам нейкім чынам арганізаваць беларускае жыццё, стварыўшы нейкія суботнія ці нядзельныя навучальныя ўстановы для дзетак, ствараючы такія асяродкі, дзе беларусы пачувалі бы сябе не зусім сіротамі ў гэтым можна сказаць далёкім свеце?

– Я б сказаў, што гэты працэс ідзе, у тым ліку я магу сказаць пра нашу бостанскую суполку. Такія ўстановы і школы пастаянна ўзнікаюць. У тым ліку ўзнікаюць і такія рэчы, як рэстарацыі, каб таксама было месца прыцягнення людзей. Я думаю, што гэта справа часу, вельмі на гэта спадзяюся. Бо тое, што адбылося ў 2020 годзе, і найбольшы плюс гэтага для дыяспары гэта тое, што людзі пазнаёміліся і пазналі адзін аднаго. Склалася нейкая крытычная маса, якая да сябе прыцягвае ўсё больш і больш людзей. То бок існуюць нейкія дастаткова актыўныя платформы ў інтэрнэце – перш-наперш Фэйсбук і тэлеграм. Там шмат мясцовых людзей, так што яны ведаюць усе мясцовыя лайфхакі, і нейкую спецыфічную інфармацыю пра тое месца, дзе жывуць. Гэта падцягвае тых людзей, што прыехалі толькі што. Так што мяркую, што з часам мы наладзім нейкае паўнавартаснае беларускае жыццё дыяспары ў Бостане. Але нават тое, што адбываецца зараз, гэта непараўнаўча з тым, што было 3 гады таму. Прынамсі культурнае жыццё, ушанаванне нейкіх нашых святаў, у тым ліку традыцыйных: каляды, купалле. ЦІ гістарычных святаў, як Дзень Волі. Раней такога не было.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя