Cёлета ўручаць альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію па літаратуры



Больш за 100 дзеячаў культуры Швецыі, сярод якіх акторы, журналісты і пісьменнікі, уручаць альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2018 годзе. Яны заснавалі «Новую акадэмію», якая абярэ лаўрэата, паведамляе The Guardian.

Намінаваць маюць права шведскія бібліятэкары. Патрабаванні да прэтэндэнтаў: аўтар найменш як дзвюх кніжак, адна з якіх павінна быць апублікаваная цягам апошніх дзесяці год. Журы абвясціць пераможцу сярод чатырох фіналістаў у той самы час, калі мусіла б старая Акадэмія — 10 снежня. 11 снежня «Новая акадэмія» самараспусціцца.

«Мы заснавалі „Новую акадэмію“, каб нагадаць людзям, што літаратура і культура ў цэлым павінны спрыяць дэмакратыі, празрыстасці, суперажыванню і павазе ў грамадстве, без прывілеяў, фанабэрыстасці або сэксізму», — заяўляюць ініцыятары.

Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры ў 2018 годзе ў сувязі са скандалам: мужа аднаго з чальцоў Шведскай акадэміі западозрылі ў раскрыцці імёнаў будучых лаўрэатаў прэміі па літаратуры. Яго таксама падазраюць у сэксуальных дамаганнях.

svaboda.org