Да 100-годдзя Сцяпана Александровіча



Мастацка-дакументальная выстава “Пуцявіны роднага слова”.

15 снежня 2021 года Беларусь адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння Сцяпана Александровіча, доктара філалагічных навук, літаратуразнаўца, крытыка і публіцыста.

У другой палове ХХ стагоддзя Сцяпан Хусейнавіч стаў адным з самых актыўных працаўнікоў на ніве беларускай культуры, адкрыў шмат невядомых імёнаў у беларускай літаратуры, забытых фактаў і старонак нашай гісторыі.

Сцяпан Александровіч – адзін з самых вядомых багдановічазнаўцаў, даследаваннем жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры пачаў займацца ў 1960-я гг., асэнсоўваў творчую спадчыну М. Багдановіча, раскрыў яго ролю як перакладчыка і даследчыка ўкраінскай літаратуры.

У сваёй манаграфіі “Пуцявіны роднага слова” (1971) Сцяпан Хусейнавіч разглядаў асобу і творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце праблем развіцця беларускай літаратуры і друку пачатку ХХ стагоддзя. Таксама выступіў аўтар краязнаўчых, навукова-папулярных артыкулаў, прысвечаных беларускаму генію, – “Ля сіняй бухты”, “Сцежкамі песняра”, “Творчая спадчына паэта”. Пра дзяцінства і юнацтва Максіма Багдановіча даследчык распавёў у кнізе “Незабыўнымі сцежкамі” (1960), сам у свой час здзейсніў падарожжы ў Ялту і Яраслаўль, адшукаў людзей, якія ведалі пісьменніка, запісаў іх расповеды.

Мастацка-дакументальная выстава “Пуцявіны роднага слова”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага даследчыка Сцяпана Александровіча, створана на падставе экспанатаў з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў сямейным архіве Александровічаў.

Выстава працуе з 20 студзеня па 18 лютага 2022 года.

[manual_related_posts]