Дакумент апошняга караля Рэчы Паспалітай выставілі ў Берасці
У Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё восьмай выставы праекта “12 артэфактаў”, які прымеркаваны да 1000-годдзя Берасця. “Наведвальнікам прадставілі арыгінал “Прэзента караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага Пятру Катовічу на пасаду святара ўніяцкай царквы ў вёсцы Чаравачыцы Берасцейскага павету, складзены 11 лістапада 1782 году ў Варшаве”, – паведамляе Facebook-суполка “А/я Брест”.
Падрабязней пра экспанаты праекта кажа загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзелу музея Ніна Кірылава:
– Рэчы разныя па свайму паходжанню, прызначэнню, часу ўзнікнення, легендзе. Але іх аб’ядноўвае адна вельмі важная акалічнасць – гэтыя ўсе прадметы звязаныя з гісторыяй і культурай горада Берасця.
Праект пачаўся ў студзені 2019 і разлічаны на год. Кожны месяц, але тэрмінам на адзін тыдзень, у Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі выстаўляюцца па адным з экспанатаў, схаваных у фондах установы. Падбор экспанатаў, якія прадстаўляюць у праекце, ажыццяўляўся супрацоўнікамі музею.
Беларускае Радыё Рацыя.