Данута Бічэль адзначыла дзень народзінаў прэзентацыяй новай кнігі



„Гускі вяртаюцца” – зборнік паэзіі Дануты Бічэль прэзентаваны чытацкай публіцы ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

Паслухаць і павіншаваць шаноўную паэтку прыйшло некалькі дзясяткаў гарадзенцаў. Па завяршэнні прэзентацыі Данута Бічэль правяла аўтограф-сесію свайго зборніка.

Прафесар Аляксей Пяткевіч наступным чынам ацаніў паэтычную працу паэткі:

– Тут многа вершаў, якія з’яўляюцца працягам таго цыклу хрысціянскіх вершаў-літанняў, вершаў-малітваў. Тут ёсць вершы звяртанні да Быкава, да Туронка, да роднай хаты, да роднай Гаўі. Я калі чытаў гэтую кніжку, асабліва зачапіла пяшчотная нота.

Аўтарка – начны паэт. Вершы для яе прыходзяць запоўнач. „Гускі вяртаюцца” – кніга прасякнутая ідэяй вечнасці, да якой ідуць усе людзі. За два гады, колькі пісалася гэтая кніжка, Данута Бічэль зрабіла тры адкрыцці для сябе:

– Людзі выкарысталі словазлучэнне „блакітная кроў”, таму што памяталі, што яны прыходзяць з гэтай вады, з зямлі, і вяртаюцца туды, пра сувязь яны памяталі з зямлёю. Другое маё адкрыццё: душа наша не ў грудзях, яна ва ўсім целе. Трэцяе маё адкрыццё: ніякая інтэграцыя нас не з’есць, нікуды не прападзе Беларусь.

3-га снежня ў аўтарцы паэтычнага зборніка „Гускі вяртаюцца” быў дзень народзінаў. З нагоды выхаду кнігі яе павіншавалі аматары беларускай паэзіі, калегі і прыхільнікі. Дарэчы, вокладку кнігі афармляў гарадзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч.

[Not a valid template]

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя