Данута Бічэль выступіла на моўных курсах „Мова НаНова Гародня”



Новая, шостая, сесія гарадзенскіх моўных курсаў „Мова НаНова Гародня” пачала сваю працу. Тэму „Літаратура”, якую разглядалі прыхільнікі роднай мовы, усебакова абмеркавала славутая паэтка Прынёмання Данута Бічэль. Яна прынесла з сабой апошні зборнік сваіх твораў, які выйшаў у серыі „Беларускі кнігазбор”.

– Буду працягваць пісаць вершы і эсэ. Не заракаюся, што не напішу нешта вялікае. Калі гаварыць пра мяне, то гэта падарунак ад Бога, ад маіх святых – Францішка і Антонія, да якіх я кожны дзень малілася. Неяк атрымалася, што гэтая кніга ў мяне выйшла. Яе магло і не быць, яна магла і не выйсці. Гэта проста з неба звалілася такое шчасце. Гэта ўсё ж такі маё літаратурнае шчасце. Таму што я гэтай кнігай падвяла вынікі маіх блуканняў па слове, па сваёй Беларусі.

20170116_193152

Падчас сустрэчы паэтка падзялілася з курсантамі сваімі думкамі пра творчасць заходне-беларускіх літаратараў, яе адметнасць. Як заўважае вядоўца курсаў у Гародні Ігар Кузьмініч, колькасць удзельнікаў на сустрэчах павялічваецца тады, калі з’яўляюцца цікавыя суразмоўцы, аўтары, асобы.

– Дануту Янаўну першы раз запрашаем, хаця яна выступала ў нас. Яна была на адных занятках, я нават не памятаю, якую тэму тады разглядалі, але па вялікаму рахунку самая яркая зорка тады была яна, самы яркі быў яе выступ. Хаця яна не была запрошаная як госць. Але так атрымалася, што яна фактычна сама асвятлілася тую тэмы, гэта было цікава. А сустрэча адмыслова з Данутай Янаўнай – гэта першая.

Славутая паэтка правяла таксама аўтограф-сесію для пакупнікоў яе апошняй кнігі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара