Даследчыца творчасці Ларысы Геніюш з Зэльвы адзначае юбілей



Грамадская актывістка, былы педагог, журналістка, публіцыстка з Зэльвы Яніна Шматко 8 красавіка адзначае сваё 70-годдзе. Гэту жанчыну на Зэльвеншчыне ведаюць амаль усе. Вельмі часта яе вялікія і грунтоўныя артыкулы пра знакамітых зэльвенцаў публікуюцца не толькі ў мясцовай раёнцы, але і ў іншых выданнях. Шмат гадоў жанчына даследуе творчасць сваёй зямлячкі, вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Пра яе апублікавала шэраг сваіх даследчых матэрыялаў.

Міхась Скобла прывёз Яніне Шматко кнігі Ларысы Геніюш

Яніна Шматко і сама піша вершы, найбольш з іх паэтка прысвяціла роднай Зэльве. А вось як гучыць страфа пра Ганненскі кірмаш , які быў вядомы на ўвесь свет і штогод праводзіўся ў Зэльве з першай паловы XVIII стагоддзя:

Тут кірмаш віраваў, як у Лейпцыгу,

Адусюль прыязджалі купцы.

З Нідэрландаў былі і са Швецыі,

Каб тавары прадаць ці набыць…  

Яніна Шматко кіруе мясцовым літаратурным аб’яднаннем “Зоры над Зальвянкай”. Яна ніколі не мінае ў Зэльве мерапрыемствы, прысвечаныя Ларысе Геніюш. А пісьменнікі з усіх куткоў ёй прывозяць у падарунак свае кнігі. З юбілеем Вас, спадарыня Яніна!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва