Дажынкі ў Рыбалах



Традыцыйныя дажынкавыя вянкі, конкурсы і, зразумела, беларуская народная музыка. У перыяд завяршэння збору ўраджаю сялянскае свята адзначылі і ў вёсцы Рыбалы, што ў Заблудаўскай гміне на Беласточчыне. Як адзначае намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства, суарганізатара дажынак Васіль Сегень, мерапрыемства ў Рыбалах мае асаблівы характар:

Вёска адметная сваёй актыўнасцю. Але гэта актыўнасць ёсць дзякуючы людзям, якія аддаюць свае намаганні, сілы і час, каб дзейнічаць на карысць беларускай культуры. Асабліва роля належыць кіраўніцы Вясковага дома культуры ў Рыбалах спадарыні Лідзіі Мартынюк.

Лідзія Мартынюк:

– З 1992 года ў нас штогод праходзяць гэтыя Дажынкі. І людзі ўжо ведаюць пра гэта. Яны чакаюць гэтага дня.

– Прыязджаюць людзі з сяла, з гміны. Бо тут ёсць забавы, песні, супольная дажынкавая ўрачыстасць у царкве, ксёндз з парафіі, таму што шмат змешаны сем’яў у нас. Вось такія супольныя ўрачыстасці і падабаюцца.

Беларускія дажынкі ў Рыбалах праходзяць ўжо больш за 20 гадоў. Сёлета ў час свята можна было пачуць выступоўцаў з Беласточчыны, сярод якіх «Рэчанька», «Прымакі», «АС» і калектывы з Вясковага дома культуры ў Рыбалах. На завяршэнне  выступіў ансамбль «Грымата» са Слоніма.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота liveinternet.ru

[manual_related_posts]