Дэвід Хокні стаў самым дарагім сучасным мастаком



Карціну 81-гадовага брытанскага мастака Дэвіда Хокні „Партрэт мастака (Басейн з двума фігурамі)” прадалі на аўкцыёне Christie’s у Нью-Ёрку за рэкордныя $90,3 млн. Такім чынам, Дэвід Хокні стаў самым дарагім з сучасных мастакоў, паведамляе ВВС.

Фота jaeger.co.uk

Раней тытул самага дарагога мастака быў у 63-гадовага амерыканца Джэфа Кунса, чый „Сабака з паветраных шароў (аранжавы)” быщ прададзена на аўкцыёне Christie’s у 2013 годзе за $58 млн.

Сустаршыня дэпартамента пасляваеннага і сучаснага мастацтва Christie’s Алекс Ротэр назваў „Басейн з двума фігурамі” адным з найвялікшых шэдэўраў сучаснай эпохі. „Гэта адна з тых унікальных сітуацый, калі ўсе – крытыкі, гісторыкі і прадстаўнікі рынку – згаджаюцца, што гэта карціна, якую выбралі б 9 чалавек з 10”, – сказаў ён.

Фота artspace.com

Дэвід Хокні – адзін з найбольш значных мастакоў XX стагоддзя і адзін з ключавых прадстаўнікоў брытанскага поп-арту 1960-х гадоў. Яго карціна „Партрэт мастака (Басейн з двума фігурамі)” была напісана ў 1972 годзе. Сюжэт карціны з’явіўся ў 1971 годзе пасля таго, як мастак на падлозе сваёй лонданскай студыі супаставіў дзве фатаграфіі. „На адной быў чалавек, які плыве пад вадой, і, такім чынам, даволі скажоны, а на другой – хлопчык, які глядзеў на нешта на зямлі. Ідэя намаляваць дзве фігуры ў розных стылях мне так спадабалася, што я неадкладна ўзяўся за работу”, – прыводзяцца ўспаміны Дэвіда Хокні на сайце Christie’s.

belta.by