„Доўгі шлях”: бестсэлер пра ўцёкі беларуса з ГУЛАГу



У выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет кніга Славаміра Равіча «Доўгі шлях», якая была перакладзена на 25 моваў свету. Паводле яе быў зняты галівудскі фільм «The Way Back». Пераклад з англійскай мовы ажыццявіў Віталь Абрамовіч.

«Доўгі шлях» — гэта гісторыя маладога падпаручніка польскага войска з Пінска, які ўвосень 1939 года трапляе ў самае пекла Другой сусветнай вайны. Спачатку ён змагаецца з немцамі, а потым, вярнуўшыся ў родны горад, трапляе ў рукі да Саветаў. Маладога афіцэра дапытваюць у вязніцах Мінска, Харкава і Лубянкі, пасля чаго высылаюць на 25 гадоў у сібірскі лагер № 303.

З лагера галоўны герой бяжыць разам з таварышамі і адольвае 6000 кіламетраў, каб трапіць у Індыю. Рухаецца атрад былых вязняў праз Манголію, Кітай і Тыбет. Пры сабе яны маюць толькі сякеру, нож і мару аб свабодзе.

Пасля апісаных падзеяў Славамір Равіч жыў спакойнае сямейнае жыццё паблізу Нотынгема. Выданне кнігі прынесла яму шырокую вядомасць у Велікабрытаніі і за яе межамі. Кніга была перакладзена на 25 моваў, а агульны наклад склаў паўмільёна экзэмпляраў. Найбольшую папулярнасць кніга атрымала ў Амерыцы, дзе і быў зняты ў 2010 годзе фільм «The Way Back» паводле яе.

«Доўгі шлях» — гэта займальнае чытво пра трагічныя прыгоды нашага земляка, які волею лёса быў закінуты далёка ад роднага Палесся.

budzma.by