Драмтэатры з Берасця і Віцебска абмяняюцца гастролямі
Абменныя гастролі Берасцейскага акадэмічнага тэатра драмы і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа пройдуць у канцы кастрычніка.
У Віцебску 25-27 кастрычніка берасцейцы прэзентуюць чатыры спектаклі, у тым ліку тры апошнія прэм’еры. Так, паклоннікі тэатральнага мастацтва ўбачаць меладраму „Каварства і каханне” нямецкага рэжысёра Марсэля Крона. Будзе паказана камедыя „Вясёлы ўдавец” у пастаноўцы мастацкага кіраўніка Берасцейскага тэатра драмы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксандра Козака. Не пакіне гледачоў абыякавымі камедыя ў стылі рэтра „Старэйшы сын” па аднайменнай п’есе Аляксандра Вампілава, над стварэннем якой працаваў рэжысёр Цімафей Ільеўскі. Тэатр з берагоў Буга таксама парадуе сваёй творчасцю дзяцей, прадставіўшы казку пра засмучанага караля.
„Гэта апошнія работы тэатра, якія карыстаюцца поспехам у публікі. Менавіта па такім прынцыпе мастацкі савет выбіраў спектаклі. На такую ж пазіцыю мы арыентавалі віцебскіх калег. Жыхары Берасця атрымалі магчымасць паглядзець якасныя пастаноўкі на беларускай мове, што для берасцейскай сцэны з’яўляецца рэдкасцю”, – адзначыла Ларыса Навіцкая.
У той жа час трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прывязе ў Берасце тры спектаклі. У афішы прадстаўлены камедыі „Доктар філасофіі” і „Шукаем тэнара”, а таксама п’еса ў трох дзеях „Дзіўная місіс Сэвідж”.
Пасля паездкі ў Віцебск Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы накіруецца на гастролі па гарадах Берасцейскай вобласці. У лістападзе камедыю „Вясёлы ўдавец” убачаць жыхары Іванава і Баранавіч, а ў Івацэвічах берасцейскія акцёры пакажуць „Брава, Лаўрэнсія”.
