«Дударскі рэй» – у Глыбокім



«Дударскі рэй» – у Глыбокім распачаўся дударскі фэст, на які з’ехаліся дудары з сямі краін Еўропы. Адкрыццё фэсту адбылося ў «Скверы славутых землякоў» з абыграння бюста Ігната Буйніцкага і Алеся Дубровіча. Даведаўшыся пра фэст, нечакана для ўсіх прыехаў і ўнук беларускага паэта Дзмітрый Дзёмін, былы глыбачанін, які цяпер жыве ў Карэліі.

Паводле ідэйнага натхняльніка фэсту, дудара і пісьменніка Віталя Воранава, фэст будзе доўжыцца два дні, суботу і нядзелю. За гэты час глыбачане і госці горада змогуць наведаць разнастайныя тэматычныя імпрэзы і паслухаць гукі дуды з розных рэгіёнаў Еўропы.

— Госці прадстаўляюць розныя рэгіёны, але калі казаць па краінах, дык гэта: Бельгія, Польшча, Чэхія, Шатландыя, а таксама ёсць прадстаўніцтва эстонскай дуды, але грае наш глыбачанін, які жыве ў Карэліі і грае на эстонскай дудзе. Мы пачалі з сімвалічнага адкрыцця ў алеі славутых землякоў, «абыгралі» бюст Ігната Буйніцкага, які вельмі заслужаны для беларускай дуды і беларускага тэатра. Прыехалі ўсе нашы госці, надвор’е нечакана цудоўнае, таму мы думаем, што ўсё атрымаецца цудоўна.

У межах фэсту адбудуцца выстава «Літаратурная дуда» у Цэнтральнай раённай бібліятэцы, выстава вялікапольскіх дудаў XXI стагоддзя ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. А таксама выступы замежных і беларускіх дудароў у вёсках Пліса, Мосар, Удзела ды гала-канцэрт з іх удзелам на цэнтральнай плошчы Глыбокага.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара