Дзе прызямліўся Хрыстос: да эстэтыкі Гародні і Горадні



Многія беларускія гарады маюць зараз розныя варыянты вымаўлення і напісання. Але калі для беларускамоўных носьбітаў няма ніякага сумневу ў варыянтах, прыкладам, Менск, Мёры ці Полацак, то гораду над Нёманам, які афіцыйна называецца сёння Гродна, сапраўды не пашанцавала. За апошнія сто пяцьдзесят гадоў у асяродках беларускамоўных людзей ён меў хіба шэсць-сем варыянтаў назову (Гарадзен, Гарадзень, Гродня, Гародня, Горадна, Горадня). Аднак, да нашых дзён дажылі і актыўна ўкараняюцца толькі два – “Гародня” і “Горадня”. Прычым прыхільнікі гэтых варыянтаў знаходзяцца ў стане “непрымірымых” апанентаў. Варыянт “Горадня” папулярны сярод менчукоў, яго настойліва культывуюць незалежнае тэлебачанне Белсат і Радыё Свабода. Форму “Гародня”, якая пераважае ў горадзе над Нёманам у беларускамоўных асяродках, паслядоўна ўкараняюць Беларускае Радыё Рацыя, “Гарадзенская вясна”, выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”, курсы „Мова нанова”, іншыя ініцыятывы.

Гэтае спрэчнае пытанне наймення гораду можна разглядаць у розных плоскасцях: гістарычнай, мовазнаўчай, эстэтычнай, практычнай. Што да гісторыкаў, то найбольш грунтоўная праца на гэты конт – даследаванне гарадзенскага знаўцы, доктара навук Юры Гардзеева (Гардзееў Юры. Тапанімія старажытнай Гародні (ХІІ-ХVІІІ стст.). Гародня. 2013).

З мовазнаўцаў ніхто дагэтуль не напісаў больш грунтоўнага артыкулу, чым Юры Пацюпа. Цікаўных адсылаю да згаданага матэрыялу па гэтай спасылцы:

http://harodniaspring.org/be/news/8035

Але пакінем зараз у баку гісторыкаў і мовазнаўцаў, паміж якімі няма згоды і адзінства ў гэтай праблеме і звернемся толькі да эстэтычнага боку пытання. Аўтар гэтага артыкулу пастараўся максімальна „пералапаціць” мастацкія творы ў назвах якіх і ў самых тэкстах згадваецца назва гораду. І вось што атрымалася ў выніку такога пошуку і параўнання ўжытку “Гародні” і “Горадні”:

Максім Багдановіч: “І жалобна, сумна трубы ў Гародні граюць”.

Янка Купала: “Трубы ў Гародні смутна запелі”.

Уладзімір Караткевіч: “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Апанас Цыхун: “І чуе, як трубы Гародні гудуць”, “Над Гародняй праходзяць стагоддзі”.

Данута Бічэль-Загнетава: “Гародня”, “Максімаў домік у Гародні”, “Маленькі хлопчык, будучы паэт, з Гародні едзе ў няблізкі свет”, “Добра нам з Бонкай гуляць па старажытнай Гародні”, “Толькі патопу баяцца не трэба – вельмі высока ў Гародні масты”.

Кастусь Цвірка: “Ад Драгічына да Гародні пашукайце нашы сляды”.

Уладзімір Шурпа: “Як вярнуся ў Гародню я…”.

Аляксандр Раманаў (друкаваўся пад чужым прозвішчам – Юры Кісялеўскі): З вершу “Гародня: “Палюбіў гэты горад увесь, да апошняе рыскі. І калі застаюся з Гародняй адзін на адзін…”. Кампазітар Аляксандр Чопчыц стварыў на гэты верш песню, якая была папулярная на гарадзенскіх фэстах пачатку 1990-ых.

Уладзімір Някляеў: “Трое з Менску, з Бярэсьця, з Гародні…”. Верш стаў ведамай песняй, якую выконвае Зміцер Вайцюшкевіч.

Міхась Скобла: “У гордай гаротнай Гародні”.

Іван Буднік: “Гародня – на векі вякоў”.

Яўген Петрашэвіч: „Вязуць у Гародню з Менску тавары каштоўныя”, „А ў Гародні царкву ўзводзяць”.

Алесь Чобат: „Замова белагаловай на мурах у Гародні”, “Месца Гародня застаецца вялікай сцэнай…”.

Янка Трацяк: “Пад Гародняй былі шведы, ды Гародня – не Палтава”, “Сніцца Пацюпу горад Гародня”.

Ала Петрушкевіч: “Над Гародняй плыве пяшчота”, “У нашай прамоклай Гародні”.

Віктар Шалкевіч: “У Гародні дождж”. Вельмі папулярная песня барда.

Сяргей Чыгрын: „Максім Багдановіч хоча ў Гародню”.

Рычард Бялячыц: “Прымай, Гародня, падарунак”, „На плошчы набожнай Гародні”.

Святлана Куль: “Гародня любая”, “…дзыгарнік меў прыбытак у Гародні”, “блукаць па вуліцах Гародні ценем”.

Уладзімір Захараў: „Пяе над Гародняй гітара”.

Сяргей Астраўцоў: “…па дарозе не страціла імпэту, прыхавала для Гародні”.

Мечыслаў Курыловіч: “…Гародні голас Божы”.

Галіна Самойла: “Гародня – гэта жанчына, такая розная ў сваёй жаноцкасці…Гародня – гэта школьніца з хвосцікам і заплечнікам”.  

Віктар Сазонаў: “Ноч у Гародні кіне цень”. Верш стаў песняй.

Мікола Канановіч: “Любіў Гародню я ў юнацтве, не ведаючы ніц пра Беларусь”.

Анатоль Валюк: “Гародня спіць, ноч у тумане тоне”.

Юры Гумянюк: “У Бэтлееме нарадзіцца, у Гародні спачываць”.

Анатоль Брусевіч: “Светлыя вуліцы нашай Гародні старой”, “Белымі вершамі воблакі плывуць над Гародняю”, “Над Гародняй у розных кірунках праплываюць аблокаў карункі”.

Ганна Аўчыннікава: “Няўтульныя хмары вісяць над Гародняй”, “Па Гародні блукае змярканне”.

Вольга Агапонава: „Чулі і сёння рэха мінулага, голас заходні, голас Гародні”, „Пакутлівы стогн саксафона ў Гародні”.

Аксана Спрынчан: „На вуснах – Наваградак і Гародня, І хто іх пачуў – каралеўне родны”.

Леанід Дранько-Майсюк: „Пад Гародняю і пад Воршаю беларуская прыгажосць”.

Арганічна ўжылася „Гародня” і ў моладзевай контр-культуры. Варта тут згадаць культавы панк-гурт свайго часу – гарадзенскі „Кальян” – яго кампазіцыю „Гародня” з рэфрэнам „Я абвяшчаю Гародню незалежнай!”. Іншы, папулярны ва ўсёй Беларусі гарадзенскі гурт „Dzieciuki, выконвае песню з назвай менавіта „Гародня”, а новы альбом гурта так і называецца „Радыё Harodnia”.

Прыгадаю яшчэ тут рэпрэсаванага ў сталінскі час празаіка Аляксандра Функа, які абраў сабе псеўданім Алесь Гародня. У сваіх лістах Васіль Быкаў пісаў “Гародня”: “Увосень быў у Гародні” (з ліста да Іны Карпюк).

Адзін пералік трох дзесяткаў знакамітых і вельмі вядомых аўтараў яскрава сведчыць пра выразны эстэтычны выбар майстроў прыгожага пісьменства. Не думаю, што нехта зможа прыкласці цытатнік на адваротную карысць. Таму што аўтараў вершаваных твораў, якія ўжылі варыянт “Горадня”, можна пералічыць на пальцах адной рукі – такое рэдкае напісанне ўдалося знайсці ў вершах Валянціна Дубатоўкі, Валеры Руселіка (у яго адпаведная песня), Алеся Кіркевіча, аднойчы – у згаданага Івана Будніка (“Сталеў у Горадні Дудар”). Карыстаўся найменнем Горадня выдатны беларускі дзеяч і мовазнавец Вацлаў Ластоўскі (“На Каложы ў Горадні”). Аднак Ластоўскі вельмі мала быў звязаны з горадам над Нёманам і наўрад ці можа тут выступіць аўтарытэтам.

Паэт Юрась Пацюпа назваў адзін з сваіх вершаў “Горадна” (1990 год), хоць, як прызнаецца аўтар, першасная назва верша была менавіта “Гародня” і менавіта ёй аддае ён свой ня толькі мовазнаўчы, але і эстэтычны прыярытэт.

Выснова прыходзіць сама па сабе: паэты і пісьменнікі свой выбар зрабілі даўно, можна сказаць выбар на роўні падсведамасці і адчування мовы. Варыянт “Гародня” абсалютна гарманічны для беларускай мовы, арганічна рыфмуецца, “грае і ззяе” на літаратурным сонцы. Варыянт жа “Горадня” штучны, “цяжкастраўны” і ненатуральны. І каб не настойлівая культывацыя з боку некаторых сталічных філолагаў і гісторыкаў, даўно б выпаў з ужытку.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

 

  • Anonim

    Слушна мяркуеце. Справа ў эстэтыцы. І тыя, хто прымаюць Горадню, вытворную ад „Горадзен – а” маюць сваю рацыю. Таму ня варта навязваць сваю Гародню ўсім. Калі будзе прыняты ахвіцыйны назоў, ці пачнецца дыскусія хаця бы на гэты конт з удзелам усіх! зацікаўленых, але і тады няпэўны, што нешта зьменіцца.

  • Anonim

    Калі выбіраць паміж Гародняй і Горадняй, то я адназначна за першы зь іх – Гародня, бо няма ў беларускай мове слоў, утвораных з дапамогай суфікса -ня, дзе б націск стаяў не на прадапошнім складзе (студня, лядоўня, кнігарня) ці не на апошнім (валтузня, парахня). Ёсць, праўда, вынятак – Купалаў наватвор – вісельня (шыбеніца) – з націскам на і, які ў іншым вершы ўжо з націскам на е. Добрая кампанія! Горадня і вісельня:) АЛЕ… гістарычны назоў не Гародня і не Горадня, а ГОРАДНА як вынік трансфармацыі варыянту Горадзен. І гэта так відавочна, што спрачацца не выпадае. Выходзіць, мы бачым гісторыю не такою, якою яна была, а такою, якою нам хочацца бачыць. І калі мы не можам дамовіцца аб аб’ектыўнасці фактаў, то ці можам мы наагул дамовіцца?

    • http://facebook.com/profile.php?id=100006664599038 Stary Lis

      А як жа: бУдучыня, Яблыня, вАжыльня, зАбарсня, спадАрыня, вАпельня, ігУмення, прОсвірня і г.д.? Нешта Ваша схема не спрацоўвае.
      Дарэчы, тут суфікс -н- і канчатак -я ))

      • Anonim

        З усіх гэтых прыкладаў у даным кантэксце карэктныя толькі два словы: „важыльня” і „вапельня”, дый то, пытанне, хто і калі іх прыдумаў. Ці не тым жа спосабам, што Горадню і вісельню? Але дзякуй, на разе. Што да марфем (суфікса і канчатку), то школьную праграму мне ня трэба выкладаць, без канчатку суфікс – нішто, пусты гук (у лепшым разе – фанэма), а для мяне важная семантыка. Можна яшчэ сказаць „фармант”, але гэта вельмі расплывіста, таму ўсё ж суфікс, калі хочаце карэктней, то -н-я. А от Вам някепска было б навучыцца адрозніваць суфікс -ін-я (-ын-я) ад -н-я. Калі Вы гэта засвоіце, то тады можаце даведацца, што „будучыня” – такая самая недарэчнасць, як і „Горадня”, гэта „перабеларушаная” колішняя „будучына”, як і было яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Суфіксы -ін-я і -ін-а – гэта прынцыпова розныя суфіксы, рознага паходжання, рознай семантыкі і нават рознай функцыянальнасці. Прытым суфікс -ін-я „мёртва” прывязвае націск да канчатку, а -ін-а ніяк не прывязвае. От і думайце, чаму „бУдучыня”, але „блізінЯ”, „далечынЯ” і г. д. А цяпер шукайце контрпрыклады, толькі, калі ласка, без царкоўнаславянізмаў і пажадана без наватвораў. Зрэшты, за асістэмныя наватворы буду ўдзячны.

  • http://facebook.com/profile.php?id=100005773505441 Aleksa Viktaravich Klimenka

    „Але калі для беларускамоўных носьбітаў няма ніякага сумневу ў варыянтах, прыкладам, Менск…” Не кажыце за ўсіх. Я беларускамоўны носьбіт і я ніколі не кажу на сталіцу Беларусі „Менск”. Заўжды толькі „Мінск”. Не таму, што я супраць „Менска” (насамрэч я толькі за такую назву), але для таго, каб не патанаць у ілюзіях. „Менск” – гэта ня „Мінск” па-беларуску, а іншая назва зь іншым вымаўленьнем і напісаньнем, і гэтую назву яшчэ трэба будзе вярнуць шляхам афіцыйнага перайменаваньня.

    Вось у той жа Ўкраіне зараз адбываюцца масавыя перайменаваньні савецкай тапанімікі ў рамках так званай дэкамунізацыі. І амаль нікому са сьвядомых прыхільнікаў перайменаваньня да яго пачатку не прыходзіла ў галаву на той жа Днепрапятроўск казаць „Дняпро”, на Кіраваград „Інгульск”, а на Дзяржынск „Тарэцк”. Бо разумелі, што ёсьць праблема з назвамі, якую трэба вырашаць, а для гэтага праблему трэба пэрыядычна падкрэсьліваць і адкрыта прызнаваць.

    Калі жа беларусы называюць Мінск „Менскам”, выходзіць, што ніякай патрэбы ў перайменаваньні ўжо няма, бо ён у штодзённай лексіцы беларускамоўных носьбітаў ужо і так „перайменаваны”. Такім чынам, праблема з назвай „Мінск” хаваецца за ілюзіяй яе адсутнасьці, неабходнасьць яе вырашаць пачынае падавацца ўжо неактуальнай, адыходзіць на задні плян. Атрымліваецца суцэльнае самазаспакаеньне й самаўсыпленьне, нібыта праблемы ўжо няма.

  • Anonim

    Малайчына Хільмановіч!

  • http://facebook.com/profile.php?id=100001393675488 Уладзімір Хільмановіч

    Чалавеку так сабе и Юры Пацюпу: сябры, а ці давёў хто, што летапісны Городен чытаўся з націскам на першы склад? Найверагодней, што чытаўся ён як ГарадзЕн, таму гістарычна найбольш падаецца правільным якраз ГарадзЕн, а не ГОрадзен і ўжо вытворнае ад яго ГОрадна. Але ж зараз мы выбіраем паміж Гародняй і Горадняй – пра гэта артыкул.

  • https://plus.google.com/107883029474410712232 Анатоль Брусевіч

    Гарадзенцы называюць свой родны горад Гародняй. Чужынцы называюць чужы для іх горад Горадняй. Няхай сабе будуць дзве назвы. Гэта дапамагае адрозніць не(да)гарадзенцаў ад гарадзенцаў сапраўдных.

Комментарии для сайта Cackle