Дзень каляднай віншаванкі не адбыўся



На жаль, не адбыўся ўчора ўвечары Дзень беларускай каляднай віншаванкі. На яго, паводле  дамоўленасці з абласной бібліятэкай імя Пушкіна,  і на ўсіх незалежных сайтах запрашала культурніцкая пляцоўка “Беларуская прастора”. Пад дэвізам “Віншуем па-беларуску!”

У добрым гуморы мяне сустрэў скульптар, вядомы змагар за беларускую мову Генік Лойка.

Лойка: Хіба ёсьць Незалежнасць бяз мовы? Не! Настаўнікі гавораць, што выхоўваюць ў любові да беларускай мовы… па-расейску! Заходжу ў пачатковую клясу і бачу напісанае “”С Новым Годом!”  Трэба ж усяго-ткі дзве літаркі памяняць! Як было ўжо паведамлена ў незалежных СМІ, у мяне было чатыры судовых паседжданні і ўсе – ня гледзячы на мае пярэчанні – па-расейску. Я не разумею другую “дзяржаўную” мову  – дзяржава абявазана даць мне адзіную – БЕЛАРУСКУЮ! Мне на мае запыты ў чыноўніцкія структуры адказваюць па-расейску, што маю права (!) атрымаць адказ па-нашаму. Гэта – барацьба, я змог у гэтым знаходзіць “кайф”. Мова – галоўны авакатар аб’яднання ўсіх – незалежна ад палітычных прыязнасцяў! Таму я аптыміст…

Алесь Квіткевіч, дырэктар ды арганізатар фэсту, што не адбыўся:

– Нам нічога не патлумачылі – прапанавалі знайсці за два дні да адкрыцця новае памяшканне, што зразумела нерэальна.  Як толькі гэта стане магчымым, паведамім праз уласную рассылку, сацыяльныя сеткі і, канешне, праз незалежныя СМІ. Мы ў сваёй культурніцкай пляцоўцы “Беларуская Прастора” нядаўна стварылі студыю гуказапісу, дзе запісаны першы аўдыёспектакль. Выдаем аўдыёкнігі па-беларуску замежных аўтараў. Завершылі аўдыё-дыск-прысвячэнне Анатолю Сысу.  Аўтар шлягеру “Гуляць, дык гуляць”, Валеры Кірылавіч Іваноў, падараваў нам песню на вершы “Анаталя”, як яго называлі сябры. Мы маем выдавецтва “Паперус”, у якім рыхтуецца выданне “Касцёлы Беларусі”, дзіцячая кніга вершаў “Гукі без прынукі” Віталя Раковіча. Усё гэта спадзяемся рэалізаваць у наступным годзе… Вясёлых Калядаў!

“Пазітыўны настрой”, паводле абвесткі, у арганізатараў каляднага фэсту не знік. Таму будзем чакаць паведамленняў пра новыя імпрэзы – “па-беларуску!!”

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя