Дзеячы культуры выказаліся супраць гвалту і фальсіфікацый



Больш за 800 музыкаў, мастакоў, актораў, выкладчыкаў, рэжысёраў, літаратараў ды іншых дзеячоў і актывістаў – як з “афіцыйных”, так і з “неафіцыйных” культурных колаў – падпісалі Адкрыты ліст з патрабаваннямі перагледзець вынікі прэзідэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць “чорныя спісы” і не чыніць ціск на майстроў культуры, не згодных з палітыкай беларускіх уладаў.

Сярод падпісантаў – народныя артысты Беларусі Зінаіда Бандарэнка і Зоя Белахвосцік, заслужаныя артысты рэспублікі Валерый Дайнека, Анжаліка Агурбаш, рок-музыкі Ігар Варашкевіч, Сяргей Пукст, Святлана Бень, Лявон Вольскі, Алесь Дзянісаў, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч, Андрэй Хадановіч, Андрэй Горват, дырыжор ансамбля “Харошкі” Іван Еремеевіч і хормайстар дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы Дзмітрый Хлявіч, тэлезоркі Ларыса Грыбалёва, Андрэй Макаёнак, Дзяніс Дудзінскі, Андрэй Бонд, пераможцы “Славянскага базара” розных год Раман Волазнеў, Аляксей Грос, Макс Лорэнс, рэжысёры Андрэй Кудзіненка, Андрэй Курэйчык, пераможцы дзіцячага “Еўрабачання” Ксенія Сітнік і Аляксей Жыгалковіч, нацыянальных адбораў да дарослага “Еўрабачання” Uzari, VAL ды іншыя.

Як адначаецца ў тэксце Адкрытага ліста, “рэпрэсіі ахапілі ўсю краіну і дабраліся да сферы культуры. Нас не толькі звальняюць з працы, уносяць нашы імёны ў чорныя спісы, але наўпрост аказваюць ціск, запалохваюць, саджаюць у турмы. Мы лічым, што гэтая сітуацыя патрабуе неадкладнага законнага вырашэння, інакш наступствы прававога дэфолту адкінуць нашу краіну назад у развіцці і створаць глебу для самавольства і беззаконня”.

Падпісанты аднагалосна і салідарна патрабуюць:

– правесці паўторныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама зняць з пасадаў дзеючы склад ЦВК з прыцягненнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасці.

– спыніць запалохванне і рэпрэсіі ў дачыненні да работнікаў сферы культуры з боку сілавых структур і іншых службовых асоб. Ліквідаваць інстытут «чорных спісаў».

– аднавіць на працоўным месцы ўсіх работнікаў сферы культуры, якія былі звольненыя за сваю грамадзянскую пазіцыю.

– вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама ўсіх грамадзян, затрыманых падчас мірных акцый.

– спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў сілавых органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў. Прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў сілавых структур, адказных за гвалт, расправы і пагрозы, за ўмяшанне ў прыватнае жыццё грамадзян.

– неадкладна пачаць адкрыты грамадскі дыялог улады з прадстаўнікамі народа на прадмет правядзення сумленных, празрыстых і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь з наступнай перадачай прэзідэнцкіх і ўладных паўнамоцтваў законна абранаму кіраўніку дзяржавы.

“У выпадку з’яўлення інфармацыі пра спробы ціску, пагрозы звальнення або парушэнні правоў падпісантаў гэтага ліста, усе мы будзем дзейнічаць салідарна, ажно да адмовы ад прадстаўлення нацыянальных інтарэсаў краіны і арганізацыі міжнародных і нацыянальных культурных мерапрыемстваў. Акрамя таго пра такія факты неадкладна будзе інфармавана сусветная культурная супольнасць, а таксама міжнародныя арганізацыі” – падкрэслена напрыканцы Адкрытага ліста.

Поўны тэкст ліста з подпісамі – https://docs.google.com/document/d/1QHqDh1IuK4dwaxkitCx4c-umGfMpfbt3PucAKGdEipA/edit

Ліст застаецца адкрытым для ўсіх, хто падзяляе гэтую пазіцыю. Свой подпіс можна далучыць праз мэйл [email protected] ці праз адміністратара суполкі “Культура супраць гвалту” @bel_culture ў тэлеграме.

Ініцыятарам звароту стаў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, які ўзначаліў Сяргей Будкін:

– Калі ёсць паважаныя асобы, якія неаднойчы акрэслівалі сваю грамадзянскую пазіцыю, гэта прыемна і прадказальна. То вельмі шмат імёнаў, якіх я па шчырасці нават і не чакаў пабачыць. Я маю на ўвазе кіраўнікоў розных дзяржаўных калектываў: „Харошкі”, капэла Шырмы, народныя калектывы, бібліятэкары Нацыянальнай бібліятэкі ды іншых дзяржаўных культурных устаноў. Гэта сведчыць пра тое, што парог страха пераадолены і зараз людзі гатовы ва ўвесь голас патрабаваць праўды.