Dzieciuki ўпершыню легальна выступілі ў Гародні



Гурт Dzieciuki ўпершыню за пяць год існавання выступіў ў Гародні.

Выступ адбыўся ў межах байкфэсту “Хавайся ў бульбу”, які ўжо ў трынаццаты раз адбываецца непадалёк ад горада на базе адпачынку “Купалінка”.

Музыкі сталі хэдлайнерамі першага дня фестывалю пасля выступу трох маладых каманд.

Пра выступ распавёў вакаліст гурта Алесь Дзянісаў:

– Мы выступалі і на буйнейшых фестывалях, але нам вельмі прыемна, што байкеры “Насарогі” паклікалі нас. Іх не пужае, што нас шмат разоў аб’яўлялі экстрэмістамі, таму вялікі ім дзякуй за гэта. Што датычыць выступаў у Гародні, то мы выступалі два ці тры разы, але гэта было падпольна. Гэта першы за пяць гадоў існавання гурта наш афіцыйны выступ.

Музыкі выканалі каля двадцаці песень, сярод якіх вядомыя: “Чорны хлеб і гарбата”, “Па гарах”, “Тадэвуш Касцюшка” ды некалькі новых, якія яшчэ ніколі не гучалі на канцэртах.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня