“Dziennik Białostocki” пра партызанаў БНР



partyzany_atamana_chorta14 траўня 1923 года беластоцкая газета “Dziennik Białostocki” (№ 104) надрукавала тэндэцыйны выкрывальніцкі артыкул пра “банду атамана Чорта”, якая пад кіраўніцтвам “Ураду Незалежнай Беластоцкай Народнай Рэспублікі” (маецца на ўвазе эміграцыйны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў Коўне) “дзейнічала супраць Польшчы”.

Увесну 1922 года Ян Грыцюк (“Чорт”) арганізоўвае ў Белавежскай пушчы атрад (на фота) з 24 чалавек, які пачынае актыўна дзейнічаць. 7 красавіка атрад нападае на дом ляснічага Алькевіча ў в. Вітава Бельскага павета. 17 красавіка падпальвае склады з дрэвам каля чыгуначнай лініі Чаромха-Гайнаўка. На месцы дыверсіі „Чорт” пакідае ліст, у якім нагадвае пра дасланы Пілсудскаму “ўльтыматум”, паводле якога палякам забараняўся вываз лесу. З 27 на 28 красавіка партызанамі быў здзейснены напад на паліцэйскі пастарунак у мястэчку Кляшчэлі і г.д.

Больш падрабязна пра атрад атамана „Чорта” пісаў беларускі гісторык Алег Латышонак, артыкул можна пачытаць у PDF-версіі штотыднёвіка беларусаў Польшчы „Ніва”.

dzennik_belastocki_partyzany_bnr

Пераклад артыкула:

Сумны канец беластоцкай “рэспублікі” або разбойнікі з банды атамана Чорта ў судзе

Яшчэ адна “рэспубліка”

На пачатку 1922 года Аддзяленне дзяржаўнай паліцыі ў Беластоку выйшла на след шырока разгалінаванай тэрарыстычнай арганізацыі, якая дзейнічала супраць Польшчы, падтрымлівалася матэрыяльна і маральна Ковенскай Літвой, а таксама часткова Германіяй.

Гэты саюз называўся: “Урадам Незалежнай Беластоцкай Народнай Рэспублікі”, цэнтральны камітэт якога знаходзіўся ў Коўне. Адтуль патаемна прывозілася зброя для змоўшчыкаў, выбуховыя матэрыялы і атрута (цыянід калію і стрыхнін), якія мелі быць ужытыя супраць Польскага войска і паліцыі.

Панна Вера

Раёны, якія мяжуюць з Ковенскай Літвой і Беларуссю былі падзеленыя на 4 групы. Гарадзеншчына была ўключана ў IV групу, на чале якой стаяў паручнік Літоўскай арміі Вячаслаў Разумовіч (“Хмара”). Сядзібай Разумовіча і яго штаба было літоўскае мястэчка Мерач на польскім памежжы. Кур’ерам паміж ковенскімі войскамі і змоўшчыкамі была Вера Маслоўская.

Грошы, зброя, матэрыялы і выбухоўка перыядычна паступалі з Коўна. На ўсёй тэрыторыі Літвы паўсталі шматлікія “ячэйкі”, якія разлічвалі на інтэрвенцыю літоўска – бальшавіцкіх войскаў.

Чорт

Калі арганізацыя была выкрыта і адбыліся шматлікія арышты, частка змоўшчыкаў схавалася ў Белавежскай пушчы. Адзін з іх, Ян Грыцюк (“Чорт”), арганізаваў атрад, які складаўся з 24 чалавек. Выбітную ролю ў бандзе адыгрываў Герман Шыманюк, а таксама яго намеснік Андрэй Тамашук (“Пятрэнка”).

З пачатку на ўтрыманне банды грошы даваў Шыманюк, а калі грошы скончыліся, было пастаноўлена здзейсніць шэраг нападаў і рабункаў.

Чорт шукае грошы

Першы напад быў здзейснены на дом ляснічага Яна Алкевіча 7 красавіка 1922 г. каля 10 вечара. Калі яго сям’я, якая складаецца з жонкі Анны, сыноў Зігмунта і Стэфана, клалася спаць, пагрукалі ў вакно.

Алкевіч вызірнуў і ўбачыў перад вакном высокага бландына з вінтоўкай у руках і ручнымі гранатамі на поясе. Палічыўшы, што гэта паліцэйскі, адчыніў дзверы, пасля чаго ў сені ўварваліся шэсць бандытаў, з якіх пяцёра было з вінтоўкамі, а адзін з рэвальверам.

Уцёкі як у кіно

Бандыты запыталі Алкевіча, ці ведае ён кіраўніка паліцыі Галэмбіеўскага, а калі той адказаў станоўча, сказалі, што ў такім выпадку з’яўляецца шпіёнам і пра ўсё даносіць у паліцыю. Бандыты загадалі ўсёй сям’і збірацца, пасля чаго звязалі рукі ляснічаму і яго сынам ды павялі іх у лес, іншыя заняліся рабаваннем маёмасці.

У лесе Алкевіч здолеў развязаць рукі, пасля чаго выбраўшы адпаведны момант, моцнымі ўдарамі кулакоў зваліў з ног двух бліжэйшых бандытаў, ускочыў у гушчар і паспяхова ўцёк, нягледзячы на тое, што бандыты пачалі страляць у яго з вінтовак.

Забілі яго сям’ю

Калі назаўтра ён вярнуўся дадому, то нікога там не застаў, а ўся яго маёмасць была зрабаваная.

Бандыты забралі карову, бялізну, кухоннае начынне, каштоўныя рэчы, грошы, некалькі дзясяткаў пудоў збожжа, муку, сала ды іншыя харчовыя запасы.

У траўні былі знойдзены трупы Алкевічаў, якія былі закапаныя ў лесе. Судова-медычная экспертыза пастанавіла, што Алкевічы былі забітыя стрэламі з агнястрэльнай зброі, пры гэтым былі ўжытыя разрыўныя кулі.

Ультыматум Пілсудскаму і падпальшчыкі

17 красавіка былі спаленыя склады дрэва віленскай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі на чыгуначнай лініі Чаромха-Гайнаўка.

Увечары гэтага ж дня да бараку каля складоў падыйшлі двое мужчын, якія пачалі размову з работнікамі.

Падчас размовы наблізіліся яшчэ 4 мужчыны, узброеныя вінтоўкамі, а на адлегласці некалькіх дзясяткаў крокаў з’явілася група некалькіх падазроных асоб. Незнаёмцы паведамілі, што прыйшлі, каб спаліць склады дрэва пры чыгунцы, што яны не дадуць віленскай дырэкцыі вывозіць дрэва з лясоў, і што яны паслалі ўльтыматум Пілсудскаму. Сказалі, што даруюць ім жыццё пры ўмове, калі яны застануцца ў бараку і не перашкодзяць ім у падпале.

Неўзабаве вялізныя склады загарэліся і рабочыя выйшлі з бараку толькі тады, калі прагучаў сігнал трубы, які папярэдзіў пра тое, што бандыты ўжо аддаліліся.

“Камандзір тэрарыстаў”

Адзін з бандытаў пакінуў на стале, выходзячы з бараку, нейкі аркуш, на якім было напісана па-расейску, загадаўшы аддаць яго кіраўніку раёна.

Гэты ліст, напісаны чарнільным алоўкам, меў наступны змест:

– Віленская дырэкцыя.

Адносна дасланага 31 сакавіка ўльтыматуму да Начальніка Пілсудскага, тэрмін якога скончваецца 9 красавіка паводле старога стылю, у якім сказана, што пасля яго атрымання  павінны спыніцца вываз дрэва, які ігнаруецца і ўспрымаецца як жарт, вы збіраецеся працягваць пагрузку метраў 19 красавіка н. ст., чым яўна парушаецца ўльтыматум, таму я, камандзір тэрарыстаў Ян Чорт, паводле загаду атамана Германа Скамароха, палю гэтыя метры ў імя таго, каб яны не дасталіся нашым ворагам – палякам.

Кам. тэрарыстаў Я. Чорт.

Пагрозы “польскай сволачы”

17 красавіка 1922 г. кіраўнік пастарунку дзяржаўнай паліцыі ў Кляшчэлях атрымаў поштай ліст з пагрозамі. На капэрце быў відочны адрас на польскай мове: М. Кляшчэлі ўпраўленне дзяржаўнай паліцыі. В. П. Каменданту”.

Ліст на расейскай мове меў наступны змест:

– П. бандыты паліцыі ў Кляшчэлях! Паводле загаду атамана Скамароха, я, камандзір аддзела тэрарыстаў Ян Чорт, папярэджваю, што вы, польская сволач, за вашыя дзеянні будзеце павешаныя на тэлеграфным слупе. Не забывайце, што вы ўсе сярод нас і нашыя вочы ўсюды. Памятайце, што набліжаецца час парахунку. Камендант аддзела тэрарыстаў Я. Чорт. 8. 4. 1922 г. н. ст”.

Бязлітасны напад

Напад бандытаў на пастарунак паліцыі ў Кляшчэлях быў здзейснены апоўначы з 27 на 28 красавіка. Падчас нападу ў пастарунку знаходзіліся кіраўнік Стэфан Пётроўскі і восем пастарунковых. На ганку перад уваходам у памяшканне пастарунку, сядзела некалькі ахоўнікаў з ліку мясцовых жыхароў, якія неслі грамадзянскую варту ў мястэчку. Апоўначы да ганку падыйшлі чатыры мужчыны, апранутыя ў цыратавыя паліто, з вінтоўкамі на плячах, адзін з іх папрасіў ахоўнікаў, каб паклікалі каго з пастарунку, бо прыехала паліцыя з Бельска.

Забіваць і рабаваць

Калі ахоўнік выконваючы загад, адчыніў дзверы ў канцэлярыю і пачаў казаць аб прыбыцці паліцыі з Бельска, бандыты з-за яго спіны далі залп у пакой.

Лямпа, якая стаяла на стале, згасла ад стрэлаў, а бандыты свецячы электрычным ліхтарыкам, уварваліся ў канцэлярыю, у якой знаходзіліся вінтоўкі, з-за чаго паліцэйскія адразу былі пазбаўлены магчымасці аказаць супраціў.

Пры святле электрычнага ліхтарыка бандыты заўважылі лежачага ў канцэлярыі на лаве пастарунковага Асташэўскага і пастарунковага Бажыма седзячага пад вакном, якіх забілі стрэламі з вінтоўкі. Забралі пры гэтым сем вінтовак і грошы, а з трупаў пасцягалі боты.

Багатая здабыча бандытаў

Пасля нападу на пастарунак паліцыі бандыты забілі мясцовага рэстаратара Ануфрыя Савіцкага і яго маці Барбару. Іх здабычай сталі 500.000 мк., залатыя грошы, два срэбныя гадзіннікі, залаты ланцужок, вопратка, бялізна, да ста бутэлек гарэлкі, некалькі дзясяткаў бутэлек лікёру, і шмат рознага кшталту прадуктаў.

У той жа вечар чатыры ўзброеныя чальцы банды напалі на прыватнае памяшканне забітага пастарунковага Бажыма. Пагражаючы жонцы Мар’яне, бандыты забралі вопратку, бялізну, абутак, два срэбныя гадзіннікі і 16.000 марак.

Над ксяндзом Р. Бог чувае

На завяршэнне атаман захацеў наведаць мясцовага пробашча кс. Зялінскага, але каплан зачыніўся на ўсе замкі і нягледзячы на пагрозы бандытаў у памяшчанне іх не ўпусціў.

Пасля пэўнага часу ён вырашыў, што нападнікі сыйшлі, пробашч выйшаў на падворак і наблізіўся да брамкі. У тую ж хвіліну прагучаў выкрык – “рукі ўверх!” – і адзін з бандытаў тройчы стрэліў у ксяндза, але не трапіў і прастрэліў кіёк, які ксёндз трымаў у руцэ.

* * *

У адказ на тэракты войскам і паліцыяй была праведзена аперацыя па акружэнню Белавежскай пушчы, падчас якой быў выяўлены лагер партызанаў і схоплена 6 чалавек. Тым не менш атрад здолеў вырвацца, а яго чальцы паасобку накіраваліся ў Літву.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота niva.bialystok.pl, pbc.biaman.pl