Дзіцячую кнігу Ларысы Дзенісенкі прызналі „шкоднай”



Ва Украіне разгортваецца новы скандал. На гэты раз ён звязаны з “Форумам выдаўцоў” у Львове – найбуйнейшай ва Усходняй Еўропе кніжнай выставай-продажам.

Арганізатары форума атрымалі колькі лістоў з пагрозамі ад украінскіх радыкалаў. Прычынай пагроз стала дзіцячая кніжка, прэзентацыя якой мелася адбыцца падчас “Форума выдаўцоў”.

Падрабязнасці ад нашага ўкраінскага карэспандэнта Марціна Войны:

– Прычынай скандалу стала кніжка ўкраінскай пісьменніцы Ларысы Дзенісенкі “Майя і яе маці”, прэзентацыя якой была запланаваная на 15 верасня. У цэнтры аповеду гісторыя дзяўчынкі, якая расце ў сям’і з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Паводле пісьменніцы, мэта кніжкі – навучыць дзяцей талерантнасці. Прэзентацыя дзіцячай кніжкі адразу прывабіла ўвагу арганізацый “Цвярозая Галічына”, “Маладая Галічына”, “Дух нацыі” і іншых. Наўрад ці прадстаўнікі гэтых арганізацый знаёмыя з творчасцю пісьменніцы, але яны ўпэўненыя, што кніжка Ларысы Дзенісенкі разбурае традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, што, у сваю чаргу, дае тым арганізацыям права займацца літаратурным цэнзураваннем. У выніку прэзентацыя кніжкі “Майя і яе маці” была адмененая. Пагрозамі пісьменніцы і арганізатарам форума займаюцца паліцыя і СБУ.  

“Форум выдаўцоў” у Львове праводзіцца з 1994 года. З 2006 года ён атрымаў статус міжнароднага. Пачынаючы з канца дзевяностых, у львоўскім форуме рэгулярна ўдзельнічаюць і беларускія літаратары.

Беларускае Радыё Рацыя