Дзве кнігі пра Дзятлаўскі край



Сёлета адразу дзве гісторыка-краязнаўчыя кнігі, прысвечаныя Дзятлаўшчыне, пабачылі свет. Аўтары іх жывуць у Дзятлаве, дзе і даследуюць свой родны край. Гэта Алена Абрамчык і Міхаіл Лук’янчык.

Алена Абрамчык напісала і выдала ў Гародні кнігу гісторыка-краязнаўчых артыкулаў пад агульнай назвай “ Дзятлаўскі край: вядомыя і невядомыя старонкі”. Гэта выданне склалі яе артыкулы, напісаныя за апошнія дзесяць гадоў. Яны прысвечаны гісторыі, падзеям і людзям Дзятлаўшчыны. Аўтарка цікава і змястоўна апісвае жыццё і дзейнасць сваіх знакамітых землякоў Канстанціна Астрожскага, Мікалая Фаўстына Радзівіла, Міхася Петрыкевіча, Віктара Шымука, Вячаслава Адамчыка і іншых слынных землякоў.

У асобным раздзеле Алена Абрамчык распавядае пра назву свайго горада, пра Кастуся Каліноўскага на Дзятлаўскай зямлі, пра рэпрэсіі на Дзятлаўшчыне і абутак часоў Вялікай Айчыннай вайны: пасталы і дзеравяшкі. З захапленнем чытаюцца яе артыкулы ў кнізе пра каменныя могілкі і ідала, пра крэсла з палаца Радзівілаў і калгаснае жыццё, якім яно было… Не абыйшла аўтарка і гісторыю дзятлаўскага габрэйства.

Міхаіл Лук’янчык назваў сваю кнігу неяк трохі незвычайна – “Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі”, яна таксама пабачыла свет у Гародні. Аўтар выдання, нібы працягвае тое, што не паспела напісаць вышэй названая аўтарка. Кнігу склалі артыкулы, якія запамінаюцца і прыцягваюць увагу чытачоў. Каму трапіць у рукі кніга Міхаіла Лук’янчыка, адразу зверне ўвагу на такія артыкулы ў ёй, як “Якуб Колас на Дзятлаўшчыне”, “Аэрадромы на Дзятлаўшчыне”, “Індустрыяльная спадчына на Дзятлаўшчыне”, “Перамогу сустрэлі ў Лодзі” і г.д.

Дзве новыя кнігі дзятлаўскіх аўтараў папоўняць бібліятэчку беларускага краязнаўства і зацікавяць шырокае кола чытачоў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя