Дзве прэзентацыі “Гісторыі Сапегаў”



У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы і ў Народным музеі Слонімскай сярэдняй школы № 4 адбыліся прэзентацыі кнігі “Гісторыі Сапегаў”.

У Дзятлаўскай бібліятэцы прэзентацыю распачаў мясцовы грамадскі дзеяч, былы педагог Валерый Петрыкевіч. Ён распавёў прысутным пра Сапегаў і Дзятлаўшчыну. А потым даў слова каардынатару выдання і рэдактару Міхасю Скоблу. Міхась Скобла адзначыў, што “Гісторыя Сапегаў” – гэта своеасаблівая энцыклапедыя роду Сапегаў, які пакінуў значны след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. На старонках выдання, распавёў Міхась Скобла, апублікавана 85 жыццяпісаў найбольш выдатных яго прадстаўнікоў. А таксама апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый.

У Народным музеі Слонімскай сярэдняй школы № 4 прэзентацыю “Гісторыі Сапегаў” распачаў літаратар, краязнавец і гісторык Сяргей Чыгрын. Ён распавёў пра ролю Льва Сапегі ў гісторыі слонімскай зямлі. А потым выступаў Міхась Скобла. Выступленні гасцей дапаўняла цудоўнымі песнямі выдатная беларуская спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Беларускае Радыё Рацыя