Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на імпрэзу “Мой Багдановіч”



21 студзеня 2021 года ў 19.00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”, падрыхтаванае сумесна з Літаратурным тэатрам “Слова” пад кіраўніцтвам Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай.

У 2021 годзе спаўняецца 130-год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які, пражыўшы ўсяго 25 гадоў, пакінуў нам багатую паэтычную спадчыну. У сваёй кнізе эсэ “Мой трыглаў” літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша ў адзін рад заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам ставіць імя Максіма Багдановіча.

Сёння творы Багдановіча набываюць новае, надзвычай актуальнае гучанне. У выкананні ўладальніцы медаля Францыска Скарыны, майстра мастацкага слова Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай і спецыяльнага прызёра фестывалю “Неўскія купалы”, аўтара і выканаўцы Алены Маслоўскай прагучаць творы Максіма Багдановіча, а таксама паэтычныя і музычныя рэфлексіі Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Алега Лойкі, Яўгена Глебава, Ігара Паліводы, Уладзіміра Мулявіна. Падчас мерапрыемства артысты выканаюць жанравыя беларускія народныя песні (матуліны песні).

Паводле прэс-рэлізу