Дзясяткі беларусаў наведалі “Бандэрштат”



11-ы раз ва Ўкраіне каля горада Луцка прайшоў фестываль украінскага духу – “Бандэрштат”. Традыцыйна яго наведалі дзясяткі беларусаў. А ў музычнай частцы, сярод іншых, гралі і гурты з Магілёва – Akute і Zatoczka.

Падчас іх выступаў пад сцэнаю луналі беларускія сцягі. Асаблівасцю “Бандэрштату” з’яўляецца тое, што гэта безалкагольны фестываль. Што і стала адной з прычын, чаму на яго прыехаў Паўлюк і яго сябры з Беларусі:

– Фэст вельмі круты, мне падабаецца. Я вельмі падтрымліваю безалкагольны рух. Гэта першы плюс, які я адразу стаўлю і пазначаю, што трэба паехаць туды на наступны год. Па музыцы таксама прышпіл у тым, што вельмі шмат новых гуртоў, якіх я да гэтага не чуў. Даведаўся, што ва ўкраінскім року ёсць розныя плыні і ёсць што паслухаць і за чым сюды ехаць. Луцк проста цудоўны. Карацей, фэст цудоўны, усім раю!

Як паведамляюць арганізатары фестывалю, агулам у гэтым годзе “Бандэрштат” наведалі больш за 12 тысяч гасцей. З кожным годам колькасць наведвальнікаў расце. Таму тэрыторыя фестывалю была вынесена за межы горада. Музычная частка павялічылася да трох сцэн. А для таго, каб госці фестывалю маглі бесперашкодна патрапіць на “Бандэрштат”, нават быў арганізаваны часовы патонны мост праз раку Стыр.

Адрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя