«Дзявочы вечар» у Варшаве



Імкнуцца захоўваюць сведчанні пра культурныя коды нашага грамадства, дзякуючы сямейным архівам. Незалежная артыстычная група VEHA рэалізуе праекты, у якіх выкарыстоўваюцца фатаграфіі з сямейных архіваў, з іх паўстаюць альбомы ды выставы, як гэтая ў Варшаве – «Дзявочы вечар», на якой сабраныя вясельныя фатаграфіі з усёй тэрыторыі Беларусі да 1985 года.

Выстава адкрыецца 28 чэрвеня ў галерэі Фонда археалогіі фатаграфіі па вуліцы Хлоднай, 20. Фокус гэтага праекта зроблены на вясельны вянок, – гаворыць куратарка, фатографка Леся Пчолка.

– Спачатку мы хацелі пабудаваць увесь праект на спосабе камунікацыі паміж жынчынамі і даведацца, наколькі ён быў патрыярхальным. Калі чытаеш пра этнаграфію беларусаў, пра тое, што жанчыны не маглі вясельны вянок накладаць, калі былі не цнатлівіцамі, падчас узяцця шлюбу. На самой справе, у нас у калекцыі ёсць фотаздымкі, на якіх жанчыны стаяць з жыватамі, але з белым вянком, і ўсё ў парадку. Мы апыталі людзей, як адбывалася іх вяселле, чым яно было адметным.

Ініцыятыва VEHA працуе тры гады і гэта ўжо другі такога маштабу праект, які рэалізуецца. Як кажа Леся Пчолка, тэмаў і архіваў шмат, але важна, каб людзі пачалі адпаведна берагчы свае фотаархівы.

– Для таго, каб знайсці які-небудзь фотаздымак для нашай калекцыі, трэба пераглядзець увесь свой сямейны архіў. І мы спадзяемся, што будзем матываваць людзей, каб яны больш ашчадна ставіліся да сваіх сямейных архіваў. Паказваць, што некаторыя фотаздымкі, якія раней здаваліся простымі і нецікавымі, могуць стаць часткай нашай гісторыі, такім падмуркам, які войдзе ў этнаграфію гісторыі Беларусі.

Выставу «Дзявочы вечар» у галерэі Фонда археалогіі фатаграфіі ў Варшаве можна паглядзець да 31 ліпеня.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя