Эдвард Злобін: Варта захаваць спадчыну Касцюшкаў



З нагоды 270-годдзя Тадэвуша Касцюшкі Таварыства беларускай мовы збірае подпісы за наданне вуліцы ў Менску яго імя. Берасцейскія сацыял-дэмакраты прапанавалі ўладам годна адзначыць угодкі вядомага ва ўсім свеце земляка.

Гісторык-краязнаўца з Пінска Эдвард Злобін прапануе грамадскасці звярнуць увагу на рэальную спадчыну роду Касцюшкаў, якую неабходна захаваць:

– Асноўны радавы маёнтак у іх знаходзіўся ў сучасным Кобрынскім раёне – маёнтак Сяхновічы, цяпер гэта Вялікія і Малыя Сяхновічы, дзе нават захаваўся касцёл, які яны ўфундавалі, на каталіцкіх могілках. У Кобрыне захаваліся пахаванні да гэтага часу, якія звязаныя з гэтым іменем. Ідэя годная павагі, але варта канешне не забываць пра такія забытыя мясціны, напрыклад, тыя ж Сяхновічы ў Кобрынскім раёне.

Што датычна Пінска, які таксама звязаны з юнацкімі гадамі Касцюшкі і ягонага паплечніка Юзафа Копаця, то ў горадзе над Пінай ёсць вуліца Тадэвуша Касцюшкі. Яна з’явілася ў пачатку 1990-х гадоў, а ў перыяд міжваеннай Польшчы вуліца Касцюшкі ў Пінску была цэнтральнай.

Беларускае Радыё Рацыя