Энтузіяст усяго прыгожага



Да 150-годдзя з дня нараджэння беларускага і польскага мастака Казіміра Стаброўскага (1869-1929)

Казімір Стаброўскі быў стрыечным братам заснавальніка Слонімскага краязаўчага музея Язэпа Стаброўскага. У свой час ён славіўся сваёй вядомасцю на ўсю Беларусь, Польшчу і Расію як мастак, артыст і педагог.

Нарадзіўся Казімір Стаброўскі ў маёнтку Крупляны на Наваградчыне ў сям’і вайскоўца. Пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Вучыўся сем гадоў з невялікімі, але частымі перапынкамі. З-за хваробы вачэй прыязджаў дамоў, каб падлячыцца. У апошнія гады вучобы займаўся ў майстэрні Іллі Рэпіна.

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў Казімір Стаброўскі працягваў вучобу ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы.

У канцы 1894 года наш зямляк вяртаецца на Наваградчыну, дзе доўгі час тут жыве і працуе. Як вядомы ўжо і вопытны мастак, ён пачынае ўдзельнічаць у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. За карціну “Цішыня вёскі” у 1900 годзе ў Парыжы на міжнароднай выстаўцы Казімір Стаброўскі атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціна “Ля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, а “Лазенкаўскі парк у Варшаве” — для Венецыянскай нацыянальнай галерэі.

Казімір Стаброўскі марыў адкрыць сваю Школу прыгожых мастацтваў. І яго мара збылася. У 1904 годзе на сродкі, якія былі сабраны за кошт асабістых ахвяраванняў, у Варшаве ён адкрывае Школу прыгожых мастацтваў. На працягу шасці гадоў наш зямляк быў яе дырэктарам і выкладчыкам. Гэтая школа на той час лічылася лепшай навучальнай установай Варшавы. Выкладанне ў ёй вялося на вышэйшым прафесійным узроўні. На еўрапейскіх выставах працы вучняў Казіміра Стаброўскага заўсёды адзначаліся прэміямі. Сярод іх нямала было і беларусаў.

У 1912 годзе наш жывапісец і педагог пакідае Варшаву і поўнасцю аддаецца мастацкай творчасці. Ён пачынае падарожнічаць па свеце. Быў у Турцыі, Грэцыі, Егіпце, Іспаніі, Італіі, Швецыі і ў многіх іншых краінах. З падарожжаў Казімір Стаброўскі заўсёды прывозіў новыя свае карціны, большасць якіх вылучалася лірычнасцю вобразнага ладу і пяшчотным каларытам.

У гэты час мастак пачынае працу над славутай серыяй з адзінаццаці карцін “Шэсце навальніцы”. Сам Казімір Стаброўскі тлумачыў, што ён ужо тады прадбачыў у сваіх карцінах Першую сусветную вайну, якая прынясе шмат гора і бяды на беларускую зямлю.

“Шэсце навальніцы” распадаецца на некалькі карцін, з якіх кожная ўяўляе сабой самастойную “сімфонію ў фарбах”. Уласцівая творчасці Казіміра Стаброўскага прыгожая і змястоўная сімволіка пранікае ў іх і надае характар паэтычных твораў, у якіх змест пераважае над формай. Усяму цыклу, за выключэннем апошняй светлай і радаснай карціны, уласцівы змрочны, з прыцемкам тон, што таксама характэрна для твораў Стаброўскага.

Шэсце навальніцы… Над ціхімі беларускімі палямі сабіраюцца змрочныя хмары. Сонца схавалася, і ў хмарах заклубіліся злавесныя вобразы, і той, каму дадзена гэта бачыць, бачаць у іх злосны пачатак, які прыняў формы дзікіх звяроў і пачвар. А да ўрагану, які нясецца над безабароннай і змрочнай краінай, працягнуліся чыесьці ўчэпістыя кіпцюрастыя лапы… і з гучным карканнем ляцяць прадвеснікі навальніцы і чорныя груганы няшчасця.

І вось грымнуў пярун. І на магільных узгорках сталі бясконцымі чародамі маўклівыя крыжы. Цэлы лес крыжоў — Галгофа ўсяго беларускага народа. А ў хмарах зноў паказаліся драпежныя чорныя лапы страшнай пачвары, і маланка асвятляе іх.

Палымнеюць вёскі і гарады Беларусі. Гараць і гінуць у полымі вогненнага патопу скарбніцы народнай творчасці, палацы і хаты. Запалалі помнікі даўніны, запунсавала зарывам неба над старажытным багатым горадам, і паплылі жудасныя цені па вуліцах і завулках. А ў воблаках дыму ўюцца страшныя змеі. Гэта д’ябальствуюць і трыумфуюць злосныя сілы, якія сарваліся з ланцуга пад віхорам вялікай навальніцы.

І наступіць пара, калі над гаротнай краінай, над руінамі і крыжамі, панясуцца пад аблокі душы няшчасных пакутнікаў, а высока ў небе з’явіцца распятая на крыжы Справядлівасць, і цень ад яе крыжа працягнецца па ўсёй краіне. А яна, засмучаная і знявечаная ворагамі, будзе ахінутая гэтым страшным ценем, і, куды ні працягнецца ён, усюды стануць чорнымі спаленыя мястэчкі, гарады і вёскі.

Знявечаны, змораны сам твар беларускай зямлі. Высечаны старыя векавыя лясы. Толькі пні засталіся вакол, ды ўзвышаюцца то тут, то там маўклівыя курганы. Пуста на зямлі. Але затое там, уверсе, пануе таемнае жыццё: зборышча ўкленчаных просіць ратунку ў неба аб выратаванні ад прыгнёту бязлітасных цёмных сіл. І ўзнімаецца благаславёны палец, і цёмныя курганы на апусцелай зямлі прыслухоўваюцца і да малення, і да благаславення.

Узараныя і скапаныя палі пакрыліся снегам. Зямля сцішылася пад дыханнем смерці, і над бязлюднымі мёртвымі раўнінамі пануе цемра ночы і холад зімы. І маркотна ўзвышаюцца тры крыжы — помнікі брацкіх магіл. Але хутка ўжо світанне. У небе пачынаюць мільгацець першыя праменні золака, які іграе барвовым водбліскам на латах і збруі таямнічых вершнікаў. Там, у святлеючай вышыні, над разарванымі навальнічнымі хмарамі, гэтыя крылатыя вершнікі іграюць на чатыры бакі святла абуджальны “гейналь” — песню, якую некалі выконвалі на світанні, каб разбудзіць войска. Над мёртвай, можа быць, толькі заснуўшай краінай хутка прагучыць першы заклік вызвалення. Прачнуцца тыя, хто спаў, уваскрэснуць мёртвыя, і мільёны палымяных віцязяў з крыламі на залатых латах панясуцца на конях у апошнюю бітву з цёмнымі і злымі сіламі. Гімн абуджэння зменіцца грознай рапсодыяй нябачнай бітвы. Злыя сілы будуць пераможаны народам, навальніца пройдзе і над вызваленай і шчаслівай краінай заззяюць вясёлка і светлая брама новага жыцця.

Такое тлумачэнне сваім карцінам даваў сам мастак. Казімір Стаброўскі, відаць, прадбачыў не толькі Першую сусветную вайну, але і другую, а таксама чарнобыльскую бяду, якія ператварылі і ператвараюць Беларусь у сапраўдную галгофу беларускага народа.

Усё ж жах і шэсце Першай сусветнай вайны мастак добра адчуў на сабе. Яго маёнтак у Круплянах быў разрабаваны, а сам таленавіты жывапісец стаў часова бежанцам, прыхапіўшы з сабою некалькі дзесяткаў сваіх карцін. Ён прыехаў у Петраград, дзе наладзіў у Таварыстве падтрымкі мастацтваў выставу сваіх прац. Пасля яе заканчэння пераехаў у Маскву. Там у залах мастацкага салона на Вялікай Дзмітраўцы зноў арганізоўвае выставу сваіх карцін, якая зрабіла вялікае ўражанне на мастацкую грамадскасць Масквы. Перадавыя рускія мастакі В. Бяклемішаў, І. Рэпін, В. Матэ і іншыя ўнеслі прапанову на разгляд савета Расейскай акадэміі мастацтваў аб наданні Казіміру Стаброўскаму звання акадэміка жывапісу. Адбылося галасаванне: 16 чалавек прагаласавалі “за”, а 19 — “супраць”. І ўсё ж, не ў гэтым справа, а справа ў тым, што творчасць нашага земляка з Наваградчыны ўжо тады мела вялікую сілу і папулярнасць…

Казімір Стаброўскі быў не толькі мастаком, вучоным і педагогам, але і артыстам. Ён меў нават ступень артыста першай катэгорыі, выступаў на сцэнах многіх тэатраў.

Пражыў наш зямляк крыху больш за пяцьдзесят гадоў. Памёр ад інфаркту ў 1929 годзе. Газета “Кур’ер Варшаўскі” 10 чэрвеня 1929 года пісала: “Памёр вядомы чалавек, знакаміты артыст, энтузіяст усяго прыгожага, слынны арганізатар і філосаф Казімір Стаброўскі… Гэта быў чалавек вялікай працы”.

Сапраўды, Казімір Стаброўскі працаваў шмат і пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. На жаль, творы яго раскіданы па свеце. Нават цяжка ўявіць, што праз год ці праз дзесяць гадоў надарыцца мажлівасць наладзіць на яго радзіме — роднай Беларусі ці Наваградчыне выставу ягоных карцін. Але верыцца ў гэта. І калі каму пашанцуе пабываць у мастацкіх музеях Польшчы, Германіі, Італіі, Расіі, вы сустрэнецеся з карцінамі нашага славутага земляка Казіміра Стаброўскага. Яны вас прыцягнуць маркотнымі вясковымі краявідамі Беларусі, міфалагічнымі вобразамі, драмай і містыкай.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя