Этнографу Васілю Ліцьвінку споўнілася б 80



7-га снежня беларускаму фалькларысту, кандыдату філалагічных навук, этнографу і пісьменніку Васілю Ліцьвінку (1941-2007) споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння.

Васіль Ліцьвінка нарадзіўся 7 снежня 1941 года ў вёсцы Верхні Церабяжоў Столінскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1958 годзе выкладаў беларускую мову, літаратуру і спевы ў сямігодцы вёскі Лука.

У 1964–1970 гадах Васіль Ліцьвінка вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узначальваў студэнцкі клуб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў БДУ (харавая капэла, аркестр народных інструментаў, танцавальны калектыў «Крыжачок», эстрадны і духавы аркестры, драматычны гурток), гастролі вакальна-інструментальных ансамбляў ва ўніверсітэце. Пад кіраўніцтвам Васіля Ліцьвінкі студэнцкія калектывы мастацкай самадзейнасці выступалі ў Маскве, Кіеве, Калінінградзе, Адэсе, Рызе, Вільні, Тарту, Гомелі і іншых гарадах, на фестывалях займалі прызавыя месцы.

У 1971 годзе Васіль Ліцьвінка стварыў на філфаку БДУ лінгафонную лабараторыю. З верасня 1975 года перайшоў на выкладчыцкую працу на кафедры рускай савецкай літаратуры, дзе выкладаў фальклор. Намаганнямі Васіля Ліцьвінкі і яго калег у 1981 годзе на філфаку БДУ была створана навукова-даследчая лабараторыя беларускага фальклору, якой ён кіраваў да выхаду на пенсію (2005).

У розныя гады чытаў Васіль Дзмітрыевіч лекцыі па фальклоры ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, Інстытуце ўдасканалення кваліфікацыі, Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.

Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рыгор Раманавіч Шырма – фалькларыст» абараніў у 1983 годзе. Абраў гэту тэму таму, што асабіста быў знаёмы з выдатным дзеячам беларускай культуры, які сваім прыкладам натхніў яго на пачэсную справу захавання і адраджэння беларускага фальклору.

Васіль Ліцьвінка распрацаваў канцэпцыю, арыентаваную на захаванне фальклорных і этнаграфічных першакрыніц у галіне фалькларызму, прынцыпы і метады выкарыстання фальклорнай спадчыны ў аматарскай дзейнасці фальклорных калектываў і іншыя. Займаўся збіраннем, даследаваннем рэгіянальнай спецыфікі, выданнем і папулярызацыяй фальклору, абрадава-святочнай і этнічнай культуры беларускага народа. Пераважна на Палессі ім зроблены каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору і матэрыялаў традыцыйнай культуры.

У 1985–2002 гадах Васіль Ліцьвінка быў аўтарам і вядучым тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Падчас супрацоўніцтва з тэлебачаннем былі зроблены 246 відэафільмаў абрадава-святочнай культуры.

Аўтар і складальнік 20 кніг і зборнікаў фальклору, больш за 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных работ. Пад яго кіраўніцтвам былі выкананы навукова-даследчыя праекты «Фальклор беларускага Палесся», «Рэгіянальная спецыфіка беларускага фальклору», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхваўчым працэсе ВНУ», «Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвой рэгіёнаў».

Шмат займаўся грамадскімі справамі. Абіраўся старшынём Беларускага саюза фалькларыстаў на першым і другім з’ездах у 1992 і 1995 гадах. Быў намеснікам старшыні Таварыства беларускай школы.

Васіль Ліцьвінка заўчасна памёр 12 ліпеня 2007 года ў Менску, пахаваны ў роднай вёсцы на Століншчыне.

Беларускае Радыё Рацыя