Евангелле 1600 года прадставяць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі



Евангелле 1600 года прадставяць на выстаўцы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі 20 верасня, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.

Гэта найбольш ранняе Евангелле з 15 беларускіх выданняў, якія ёсць у музеі. Евангелле з сігнатурамі 1600 года з друкарні братоў Мамонічаў у Вільні з чатырма гравюрамі евангелістаў, дэкаратыўнымі застаўкамі і канцоўкамі барочнага стылю ў 1942-м было пераплецена нанава і цяпер мае аклад з металічнымі накладкамі, вугольнікамі.

Евангелле рэстаўрыруе ў музеі спецыяліст высокай кваліфікацыі Андрэй Крапіўка. У паслужным спісе майстра – рэстаўрацыя выданняў Францыска Скарыны, многія з іх знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пераплёт Евангелля будзе рэканструяваны па сучасных тэхналогіях з захаваннем аўтэнтычных памераў і матэрыялаў.

Як расказаў Уладзімір Пракапцоў, музейная калекцыя кніг фарміруецца з 1954 года, з моманту паступлення ў фонд рукапіснага Евангелля XVI ст. Цяпер калекцыя музея налічвае 192 адзінкі. Гэта рукапісныя кнігі і выданні, надрукаваныя лацінскім і кірылаўскім шрыфтам у XVI – пачатку XX ст. у Беларусі, Расеі, Украіне. Адно выданне – на румынскай мове, на беларускай мове яны сустракаюцца рэдка. Фарміраванне калекцыі звязана ў многім з экспедыцыйнай дзейнасцю супрацоўнікаў музея пасля Вялікай Айчыннай вайны. Рарытэты набываюцца таксама ў прыватных асоб, ёсць падораныя кнігі, тыя, што закупляюцца праз букіністычныя магазіны, некаторыя выданні перададзены дзяржустановамі. У асноўным гэта кнігі рэлігійнага зместу.

belta.by