Фалерыстыка, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу
Калекцыянаванне значкоў, ордэнаў, медалёў называецца фалерыстыкай. Гэты тэрмін быў уведзены ў слоўнік калекцыянераў у 1937 годзе. Яго ўжыў чэшскі калекцыянер узнагарод Олдржых Пільц.
Фалерыстыка, прысвечаная славутаму нашаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу (1930-1984), невялікая. Але ж і яму прысвечаныя значкі выдаваліся ў Маладэчне, Оршы, і ў Менску. На жаль, у караткевічаўскай энцыклапедыі, якая нядаўна пабачыла свет, пра гэта згадкі няма.
Першы значок, прысвечаны нашаму літаратару быў выпушчаны ў Маладэчне напрыканцы 1980-х гадоў. Аўтарам значка з’яўляецца мастак Юры Герасіменка-Жызнеўскі.
Другі значок быў выпушчаны ў Барані каля Оршы ў 1990 годзе на фабрыцы “Чырвоны кастрычнік”. Ён быў прымеркаваны да 60-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Значок парупілася выдаць начальніца аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Валянціна Сіднякова. Дзякуючы ёй у Оршы быў адкрыты і музей Караткевіча. Цяпер такіх начальнікаў няма.
Напрыканцы 1990-х гадоў з’явіўся ў Менску яшчэ адзін значок, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу.
Летась быў выпушчаны прыгожы значок, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Значок зроблены з латуні. На ім адлюстраваны партрэт Уладзіміра Караткевіча, герб Оршы і гады: 1930-2020, а таксама лічба 90. Значок выпушчаны, дзякуючы мастаку Мікалаю Міронаву і фундатару Алесю Сярожкіну. Дарэчы, гэта самы лепшы і арыгінальны значок, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу з тых значкоў, якія выпускаліся раней.
У 2020 годзе выйшаў яшчэ адзін значок, прысвечаны славутаму пісьменніку. На ім – партрэт з аўтографам, герб Оршы і тэкст: Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 2020, 90 год.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
