Фарфоравы кубак – памяць пра паэта



Сын беларускага паэта і ўдзельніка Другой сусветнай вайны Анатоля Іверса (Івана Міско, 1912-1999) Канстанцін Міско перадаў для Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя Язэпа Стаброўскага ўнікальны экспанат – фарфоравы кубак са сподачкам. На кубку адлюстраваны партрэт Анатоля Іверса і тэкст: “Удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Івана Дарафеевічу Міско на ўспамін аб суровых гадах. М.Ціхан”.

Гэты фарфоравы кубак і сподак былі выраблены на Дулёўскім фарфоравым заводзе Маскоўскай вобласці ў 1970-х гадах. Сябра паэта, зямляк і сувязны “Групы 12” у гады вайны М.Ціхан, пасля вайны працаваў на Дулёўскай фарфоравай фабрыцы. Аднойчы ён завітаў у родны Слонім, дзе жыў паэт Анатоль Іверс, і прывёз яму ў падарунак гэты кубак з тэкстам на беларускай мове і фотаздымкам. Да самай смерці паэта кубак са сподачкам захоўваўся ў Анатоля Іверса, а пасля смерці ветэрана вайны і паэта, яго зберагаў сын. Цяпер падарунак з выяваю паэта знойдзе сваё месца ў Слонімскім краязнаўчым музеі.

Нагадаем, што паэт Анатоль Іверс (Іван Міско) нарадзіўся на Слонімшчыне. У 1939 годзе ў Вільні выйшаў яго першы зборнік вершаў “Песні на загонах”. Другі зборнік вершаў паэта пабачыў свет толькі праз 31 год. Ён называўся “З пройдзеных дарог”. Пры жыцці паэта з друку выходзілі таксама зборнікі “Жыву ў бацькоўскім краі” (1982), “Я пайшоў бы ўслед за летам…” (1987), “Прыдарожныя сосны” (1995) і “Травень” (1997). Пасля смерці паэта Сяргей Чыгрын падрыхтаваў і выдаў ягоны трохтомнік, куды ўвайшлі вершы Анатоля Іверса, публіцыстычныя артыкулы і ўспаміны пра паэта.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім