Фэст экскурсаводаў 2018 у Берасці



У Берасці прайшоў “Фэст экскурсаводаў 2018”. Цягам аднаго дня, нядзелі, берасцейцам правялі чатыры экскурсіі пад назвамі: “Раніца з птушкамі” Юрыя Янкевіча, Brest Stories Guide Святланы Гайдалёнак, “Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор – сведка войнаў і гістарычных пераменаў” Івана Чайчыца і “Архітэктура мадэрнізму ад Юзэфа Бараньскага”. Найбольш масавай па наведвальнасці была экскурсія Івана Чайчыца, на якой сабралася больш за сотню чалавек:

Усе экскурсіі, якія некалі праводзіліся, былі першымі. Мне вельмі прыемна, што прыйшло больш за сто чалавек. Экскурсія аўтарская, але я не мог і ўявіць, што ў людзей сапраўды будзе такая цікавасць да гісторыі, да гісторыі крэпасці, гісторыі гэтага храма. Гэтае месца з’яўляецца жывым сведкам двух найстрашнейшых войнаў ХХ стагоддзя.

Людзі станоўча выказваліся пра мажлівасць бясплатных эксурсій у межах “Фэсту экскурсаводаў” і адкрывалі для сябе раней невядомыя старонкі гісторыі горада. Кажа наведвальніца экскурсіі Івана Чайчыца:

Я агулам новае даведалася, бо я не ведала нічога. Прынамсі тое, што было да Другой сусветнай вайны мне было цікава. Мінулым разам ён праводзіў экскурсію па турме, але яна была надта рана і таму мы не трапілі, а сёлета час вельмі адпаведны.

Пасля экскурсіі, наведвальнікам раздавалі паштоўкі ад арганізатараў “Фэста экскурсаводаў 2018”, што праўда, дасталіся яны не ўсім з-за недахопу асобнікаў. Некаторыя з экскурсантаў, паспелі трапіць на некалькі экскурсій бо ўсе яны пачыналіся з прамежкам ад дзвюх да пяці гадзін. “Фэст эскурсаводаў” – штогадовы івэнт, на якім, праз папярэднюю рэгістрацыю, у якасці экскурсавода можа выступіць кожны ахвотны. Экскурсанты ж атрымліваюць мажлівасць наведаць эскурсію бясплатна.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце