Фэст «Разам» сабраў сяброў і аднадумцаў



Фэст «Разам» сабраў грамадскіх актывістаў, краязнаўцаў, музыкаў, мастакоў і проста аднадумцаў і сяброў на Лепельшчыне. У Малых Пышнагорах ён ладзіцца ўжо трэці год запар.

Арганізатары фэсту на гэты раз уручылі статуэтку “Узнагарода літвінаў-2018” мясцоваму краязнаўцу, фалькларысту і музыку Васілю Шкіндзеру. Яна ўручаецца самым актыўным землякам, якія працуюць на ніве беларушчыны.

Як кажа Васіль Шкіндзер, для яго гэтая ўзнагарода ад сяброў і землякоў аказалася нечаканасцю, але калі цябе заўважаюць і адзначаюць, гэта заўжды прыемна.

– Мне пашчасціла атрымаць такую вялікую ўзнагароду, я лічу, Лепельскага раёна. І калі людзі заўважылі і падтрымліваюць чалавека, гэта стымул для яго. Кола сяброўства – вялікае кола. Гэта кола людзей актыўных, і хочацца, каб яно не страцілася. І гэтае свята невялічкае, местачковае, мне падабаецца.

Падчас фэсту праводзіўся паганскі абрад у гонар багоў Велеса і Макошы, каб быў добры ўраджай на палетках. Таксама прысутныя спявалі, танчылі беларускія танцы і прымалі ўдзел у гульнях разам з аматарскім фальклорным калектывам “Рэхта”. На імпрэзе з музычнай праграмай выступіў і зямляк лепяльчан Андрусь Такінданг.

Скончылася свята агульнай бяседай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя