Фэст „Жнівень” – на аграсядзібе “Поўсвіж” на Лепельшчыне



«Жнівень»  – фэст пад такой назвай прайшоў на аграсядзібе “Поўсвіж” на Лепельшчыне. Яго зладзіў у Вялікім Поўсвіжы ужо сёмы раз уладальнік аграсядзібы Васіль Шкіндзер разам са сваімі сябрамі. На фэст з’ехаліся  прыхільнікі традыцыйнай беларускай культуры з Беларусі і замежжа. Імпрэзу наведалі госці з Расеі і Ізраіля.

Па словах  Васіля Шкіндзера, фэст праводзіцца з мэтай папулярызацыі народнай творчасці і прыкладнога мастацтва.

– Мы тут збіраемся з ўсімі сябрамі. Запрашаем з розных гарадоў, з розных раёнаў. І народ прыязджае. Мы не тое, каб нейкія камерцыйныя планы маем на мэце. Глядзім на вялікія фэсты, якія зарабляюць грошы, але пакуль у нас атрымліваецца толькі нашую мясцовую культуру падтрымліваць. Таму што вось такія спевы нідзе не пачуеш. Гляджу, і ацэнка ёсць. Тыя нашыя беларускія танцы, нашыя спевы, якія дайшлі да нас са старажытнасці, яны павінны быць, гэта ж наша, яны ніадкуль не прынесеныя, тут нарадзіліся і павінна тут быць.

Падчас фэсту наведвальнікі частаваліся хатнімі прысмакамі, набывалі рамесныя вырабы, слухалі спевы гурта “Варган” з Полацка і мясцовых выканаўцаў. А таксама ўдзельнічалі ў майстар-класе па саломцы і беларускіх танцах.

Імпрэза скончылася агульным здымкам-амбратыпам у стылі ХІХ стагоддзя і  бяседай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі