Фестываль эпохі ранняга Сярэдневякоўя пройдзе ў Чавускім раёне



Раённае свята эпохі ранняга Сярэдневякоўя „У госці да радзімічаў” пройдзе 31 ліпеня ў Чавускім раёне. 

„Этнаграфічны фестываль заснаваны на стылізацыі культуры Сярэдневякоўя, – адзначыла  метадыст па традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры і адпачынку ў горадзе Чавусы Алеся Далецкая. – Месцам правядзення традыцыйна стане Замкавая гара ў аграгарадку Радамля, які ў даўнія часы быў цэнтрам племені радзімічаў. Тут у X стагоддзі на левым беразе ракі Радучы яны заснавалі свой горад, пра што сведчаць знойдзеныя ў час археалагічных раскопак фрагменты старажытнага паселішча. Адсюль і пайшла назва сучаснага населенага пункта – Радамля”.

У праграме этнафестывалю канцэрты, тэатралізаваныя паказы, паказальныя баі рэканструктараў, майстар-класы, выстаўкі-продажы рамесных вырабаў. Акрамя таго, гасцям свята прапануюць паўдзельнічаць у танцах і іншых забавах, наведаць інтэрактыўныя зоны, гандлёвыя рады і музей пад адкрытым небам.