Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» завітае ў Варшаву (абноўлена)



Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» прайшоў толькі палову свайго шляху – яго мерапрыемствы адбыліся ў Тбілісі і Кракаве. У бліжэйшую суботу, 18 чэрвеня, фестывальную эстафету прыме Варшава. Пра асаблівасці варшаўскіх мерапрыемстваў кажа каардынатар фестывалю, філосаф Павел Баркоўскі:

– Варшава – гэта вельмі значная кропка нашай праграмы. У нас там, відаць, самая вялікая праграма – два дні і некалькі пляцовак адначасова будуць там працаваць. Мы спадзяемся, што вельмі шмат гасцей прымуць удзел, і вельмі цікавых спікераў мы запрасілі. Ну і зрэшты там будзе цэлы канцэрт беларускіх гуртоў проста на плошчы. Таму спадзяемся на тое, што гэта стане для многіх беларусаў прынамсі натхняльным эпізодам іх біяграфіі, і натхніць іх на тое, каб чакаць перамогі і дзейсна ёй судзейнічаць.

У Варшаве фестывальныя мерапрыемствы будуць адбывацца два дні. А завершыцца «Прадмова» 25-26 чэрвеня ў Вільні.

***

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» упершыню адбываецца не ў Беларусі, а ў трох іншых краінах – Грузіі, Польшчы і Літве.

Але таксама ўпершыню практычна ўсе знакавыя мерапрыемствы фестывалю транслююцца ў інтэрнэце. Кажа адна з арганізатарак фестывалю, старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:

-Мы не плануем трансляцыю ўсіх мерапрыемстваў, у нас будзе нейкі выбар таго, што транслюецца, а што не. Таму што магчымасці нашыя абмежаваныя. Але паспрабуем выбраць найбольш цікавае і зрабіць трансляцыю. То бок, можна будзе далучацца анлайн і задаваць пытанні ў каментарах. Таксама плануем, каб гэтыя запісы засталіся ў інтэрнэце і былі дасяжныя і праз месяц, і праз год, і праз нейкі большы час.

У бліжэйшую суботу і нядзелю фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» працягне сваю працу ў Варшаве, дзе таксама найбольш важныя мерапрыемствы будуць транслявацца ў інтэрнэце. А завершыць сваю працу фестываль у Вільні 25-26 чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]