Фестываль «Каласы пад сярпом Тваім» аб’яўляе пра пачатак конкурсу



Шосты штогадовы фестываль «Каласы пад сярпом Тваім» аб’яўляе пра пачатак конкурснай праграмы 2015. Творчыя работы прымаюцца з 16 лютага, паведамляе Аргкамітэт фестывалю.

На каго скіраваны конкурс і па якіх намінацыях, распавёў Леанід Скарабагаты з прэс-служба фэсту «Каласы пад сярпом Тваім»:

Гэта беларуская творчасць у асяродку шматдзетных і прыёмных сем’яў. Там тры намінацыі ўсяго. Адна намінацыя – музычная, другая мастацкая і трэццяя – мультымедыя. І шэсць узроставых намінацый – для малых дзяцей, для дзяцей большых і для падлеткаў. Ёсць яшчэ намінацыя для бацькоў. Прызы? У мінулым годзе – лічбавыя фотаапараты.

«Якія прызы будуць сёлета пакуль – сакрэт», – заахвочвае дасылаць свае працы Леанід Скарабагаты. Напярэдадні заключнага канцэрта журы вызначае пераможцаў конкурсу па ўзростах і намінацыях.

Падчас заключнага мерапрыемства праходзіць выстава творчых работ, выступы лепшых удзельнікаў і ўзнагароджанне лаўрэатаў.

Фестываль «Каласы пад сярпом Тваім» штогод праходзіць у Беларусі з 2010 года. Традыцыйна праграма пачынаецца з урачыстага канцэрту-адкрыцця, які праходзіць вясной. Сёлета пачатак запланаваны на 21 сакавіка.

Антон Разумоўскі, іБеларускае Радыё Рацыя