Фестываль Litvak Klezmer Fest у Менску (абноўлена)



У Менску завяршыўся фестываль клезмерскай музыкі Litvak Klezmer Fest.  Сярод хэдлайнераў выступіў Зісл Слеповіч, які спецыяльна прыехаў з Нью-Ёрку.

Яго выступ базаваўся на спевах ідыш у спалучэнні з уласна сабраных відэаінтэрв’ю з беларускімі габрэямі:

– Я б назваў гэта этнаграфічным тэатрам. Калі ўжо была сабрана этнаграфічная калекцыя, і акадэмічныя публікацыі – гэта само сабой, але я думаў, што значна больш людзей атрымае доступ да гэтай інфармацыі, да гэтых песень і гісторыі, калі будзе прадстаўлена ў такім артыстычным выглядзе на сцэне. Так і атрымалася. Гэту праграму – “Падарожжа па краіне ідыш” прадукаваў Нацыянальны ідышскі тэатр “Фольск бінэ” ў Нью-Ёрку.

Зісл Слеповіч выступаў разам з Санэ Мёрыке, якая прыехала з Германіі.

Хэдлайнерам другога дню фэста выступіў львоўскі гурт Shtrudl band і яго спявачка Олександра Сомыш.

– Мы канцэнтруемся на рэпертуары на мове ідыш. Таму што на ёй калісьці гаварыла  частка даваеннага Львова. Але ў нас ёсць рэпертуар на польскай мове, украінскай і на іўрыце. Але ў першую чаргу – гэта ідыш, хочам адрадзіць гэты вялізны пласт культуры, які быў страчаны.  Бо ўсе ведаюць “Балалайку” ці “Хава нагілу”, але шмат людзей не ведаюць, які цудоўны пласт габрэйскай музыкі быў, мы намагаемся яго неяк данесці.

Фестываль клезмерскай музыкі праходзіў у Менску 7 і 8 лістапада і сабраў на сваёй пляцоўцы гурты з сямі краін.

* * * 

У Менску праходзіць Litvak Klezmer Fest – вялікі фестываль габрэйскай народнай музыкі.  Традыцыя клезмераў першапачаткова прызначалася для выканання на габрэйскіх вяселлях. Яна нарадзілася ва Усходняй Еўропе, а потым, дзякуючы габрэйскім эмігрантам, распаўсюдзілася ў ЗША і іншых краінах.

Кажа Таццяна, арганізатарка фестывалю:

– Асноўная мэта фестывалю – асветніцкая, каб паказаць людзям, што культура, якая існавала ў Беларусі, яна сапраўды багатая і цікавая, і яна ўплывала на культуру ў тым ліку і Еўропы.

На фэсце ў Менску выступаюць як беларускія клезмеркія гурты, так і музыкі з ЗША, Германіі, Польшы, Аўстрыі, Ізраіля ды Украіны.

Кажа Ала Данцыг, якая жыве ў Ізраілі, а на фэсце выступіла разам з беларускім гуртом Minsk Klezmer Band:

– Клезмерская музыка – гэты тэрмін быў уведзены славутым музыказнаўцам Мойшам Берагоўскім у пачатку 20-га веку. І ён складаецца з двух частак: “клэй” і “зэмэр”, што азначае “інструмент” і “напеў”. Можна лічыць, што “клэй” – гэта не толькі інструмент, але і пасудзіна з напевамі.

Litvak Klezmer Fest праходзіць ў Менску 7 і 8 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск